Ціханоўская будзе гаварыць на Мюнхенскай канферэнцыі пра ціск з боку РФ
Святлана Ціханоўская
У пятніцу, 16 лютага ў Германіі адкрыецца юбілейная 60-я Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы. Удзел у ёй возьме лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская, паведамілі ў яе Офісе.
Ціханоўская мае намер гаварыць на канферэнцыі пра сітуацыю ў Беларусі, а таксама пра ўплыў гэтай сітуацыі на міжнародную бяспеку. У прыватнасці, яна збіраецца падняць праблему ядзернай зброі, размешчанай у краіне, гаварыць пра палітычны і ваенны ціск з боку Расіі. Яшчэ адна тэма — рэпрэсіі супраць беларусаў. У Офісе Ціханоўскай кажуць, што "Мюнхенская канферэнцыя дасць магчымасць звярнуцца да міжнароднай супольнасці з просьбай падтрымаць дэмакратычную Беларусь і ўзмацніць міжнародны ціск на рэжым".
У Офісе кажуць, што плануюцца таксама сустрэчы з сусветнымі лідарамі. Але з кім менавіта, інфармацыі пакуль няма.
Мюнхенская канферэнцыя — адзін з самых вядомых сусветных форумаў па пытаннях замежнай палітыкі і абароны. Традыцыйна ў ёй бяруць удзел вядучыя палітыкі і эксперты. Мяркуецца, што сёлета на палях мерапрыемства будзе падпісанае пагадненне аб умацаванні супрацоўніцтва ў сферы бяспекі паміж Германіяй і Украінай. Для гэтага ў Мюнхен прыедзе прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Запланаваны таксама яго выступ на канферэнцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.