Ціханоўская заклікае да "глабальнага імпічменту" Лукашэнкі
Святлана Ціханоўская / прэс-служба Ціханоўскай, ілюстрацыйнае фота
На Кіеўскім форуме па бяспецы 26 траўня Святлана Ціханоўская заклікала да "глабальнага імпічменту" Аляксандра Лукашэнкі. У якасці такой меры яна назвала галасаванне па абранні новых непастаянных чальцоў Савета бяспекі ААН, куды хоча трапіць афіцыйны Мінск, перадае тг-канал "Позірк".
Дэмакратычныя сілы Беларусі настойваюць, што Лукашэнка павінен быць прыцягнуты да адказнасці "за злачынствы супраць чалавечнасці, злачынства агрэсіі і саўдзел у ваенных злачынствах", кажа Ціханоўская.
Яна расказала ўдзельнікам форуму пра справаздачу Народнага антыкрызіснага ўпраўлення з фактамі выкрадання і дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. Таксама палітык паўторна заклікала Міжнародны крымінальны суд разгледзець справу супраць Лукашэнкі.
Ціханоўская падкрэсліла, што Лукашэнка трымае ўладу дзякуючы адкрытаму ўмяшанню Масквы. Мінскі рэжым, па яе словах, "застаецца ключавым саюзнікам Расіі ў злачыннай вайне супраць Украіны".
Абсалютная большасць беларусаў, заяўляе Ціханоўская, выступаюць за незалежнасць, супраць вайны і ядзернай зброі на тэрыторыі краіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.