Цягнік з целамі пасажыраў малазійскага самалёта затрымаўся на станцыі Тарэз

Пра гэта карэспандэнту ВВС паведамілі ў прэс-службе прэм’ер-міністра самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі. Дакладнай інфармацыі пра тое, колькі састаў стаіць і куды потым накіруецца, пакуль няма. Раней дзяржаўная служба надзвычайных сітуацый Украіны паведаміла, што на месцы падзення самалёта знойдзена 196 целаў.

Пошук вядзецца на плошчы ў 34 квадратных кіламетры.

Тым часам прадстаўнік інфармацыйнага цэнтра Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Андрэй Лысенка ў часе брыфінгу ў Кіеве заявіў, што сепаратысты вывозяць парэшткі людзей, загінулых у авіякатастрофе, але “не кажуць, куды”.

Паводле словаў Лысенкі, баевікі робяць усё, каб схаваць доказы на месцы аварыі. Да пошукаў целаў і доказаў, па яго словах, прыцягнутыя 380 украінскіх спецыялістаў і 20 адзінак тэхнікі. Лысенка таксама апісаў умовы, у якіх працуюць спецыялісты: ратавальнікі вымушаныя аддаваць узброеным сепаратыстам усё, што знаходзяць на месцы аварыі і “забраць нешта з месца аварыі немагчыма”.

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка ў часе сустрэчы з міністрам замежных справаў Нідэрландаў Франсам Тымермансам выказаў намер дамагацца прызнання самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублікі “тэрарыстычнымі арганізацыямі”.

Як заявіў Парашэнка, улады Украіны рыхтуюць міжнародныя юрыдычныя пазовы, “каб гэтак званыя ЛНР і ДНР былі прызнаныя тэрарыстычнымі арганізацыямі ў свеце”.

“Я ўпэўнены, што суд над тэрарыстамі павінен адбыцца абавязкова”, — дадаў Пятро Парашэнка.

Фота: REUTERS

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі