Цётка Сцяпана Латыпава: "Мы пакутуем праз тое, што не можам яму дапамагчы"
Галіна і Сцяпан Латыпавы / Еўрарадыё
"Вялікіх чаканняў ад гэтага працэсу ў нас няма", — расказвае Еўрарадыё Галіна Латыпава. Мы гаворым з ёй перад працягам суда над яе пляменнікам Сцяпанам Латыпавым — жыхаром Плошчы Перамен, затрыманым у верасні 2020 года.
Мы яшчэ не ведаем, што раніцай 10 чэрвеня Латыпава прывядуць у залу суда, прыкаванага да канваіраў за абедзве рукі. На пасяджэнне праз "неспрыяльную эпідэміялагічную сітуацыю" пусцяць толькі каля 15 гледачоў — гэта сваякі Сцяпана і прадстаўнікі дыпкорпуса.
"Усе мае дзеянні звязаныя не з маёй неадэкватнасцю, а з супрацоўнікамі ГУБАЗіКа", — гаворыць пра спробу самагубства Латыпаў. Тым не менш яго адпраўляюць на судова-псіхіятрычную экспертызу.
"Чутнасць у зале суда была не вельмі добрая, — расказвае Галіна Латыпава пра тое, як праходзіла сённяшняе пасяджэнне. — Дзяржаўны абвінаваўца і суддзя гаварылі нягучна. Асабліва пракурор — проста бубніў сабе пад нос. Сцяпан папрасіў, каб гаварылі гучней, бо ён знаходзіцца ў клетцы за куленепрабівальнымі шыбамі і практычна нічога не чуе.
У час пасяджэння Сцяпан трымаўся стойка. Відаць, што адчувае ён сябе нашмат лепш, хоць ёсць праблемы. Перад судом ён сказаў адвакату, што папрасіў зняць з раны швы, але іх не здымаюць, таму што ў СІЗА няма хірурга. Яму колюць антыбіётыкі, таму што ў яго запушчаная пнеўманія. Асабістыя медыкаменты скончыліся ўжо даўно, трэба будзе перадаваць перадачу".
Перадалі, што яго падтрымліваюць ва ўсім свеце
1 чэрвеня 41-гадовы абаронца Плошчы Перамен паспрабаваў перарэзаць сабе горла ў зале суда. Да гэтага ён расказаў пра катаванні і пагрозы з боку супрацоўнікаў ГУБАЗіК. Мужчыну забрала хуткая дапамога. Увечары пасля аперацыі яго перавялі са шпіталя ў СІЗА.
"Сцяпану стала лепш. Яго перавялі ў іншую камеру з санчасткі, перадалі нашы перадачы з адзеннем і прадуктамі, — расказвае Галіна Латыпава. — Таксама перадалі, што яго падтрымліваюць людзі не толькі ў Беларусі і Расіі, але і ў Еўропе і па ўсім свеце. Гэта была вялікая маральная і эмацыйная падтрымка для яго, асабліва перад працягам новай бітвы. "Хросны бацька" Сцяпана лорд Фоўлкс звярнуўся да прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі Борыса Джонсана аб недапушчальнасці катаванняў палітвязняў у Беларусі".
Як родныя Латыпава перажываюць суд
"ГУБАЗ паабяцаў, калі я не прызнаю віну, будуць крымінальныя справы супраць родных і суседзяў", — заявіў Сцяпан Латыпаў перад тым, як паспрабаваў перарэзаць сабе горла. Галіна Латыпава расказала, як у сям'і адрэагавалі на гэты ўчынак:
"Гэта вельмі моцны стрэс, эмацыйна і фізічна цяжка пераносіць і перажываць несправядлівае стаўленне да блізкага табе чалавека. Мы пакутуем праз тое, што не можам дапамагчы, засцерагчы ад ціску, які на яго аказваўся і аказваецца толькі за тое, што чалавек верны сваім прынцыпам. Нягледзячы на сітуацыю, Сцяпан — мужны, стойкі і моцны чалавек, які любіць свабоду і вожыкаў".
Апошнія 8 гадоў у кватэры Сцяпана Латыпава жылі вожыкі, пра якіх ён увесь час успамінае ў лістах. Калі адзін з іх памёр, ён пахаваў яе — і вельмі перажываў, што не паспеў паставіць ёй помнік праз тое, што яго пасадзілі.
Сцяпана Латыпава затрымалі ў верасні 2020 года каля трансфарматарнай будкі з выявай "дыджэяў перамен". Ён прасіў міліцыянераў, якія прыбылі знішчыць мурал, прадставіцца — але быў затрыманы. У той жа дзень у кватэры Латыпава быў праведзены ператрус. Пасля яго дзяржпрапаганда заявіла, што ён рыхтаваўся труціць супрацоўнікаў атрутнымі рэчывамі, якія выкарыстоўваў у сваёй працы.
Латыпава абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: "арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак", "супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў" і "махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.