Дапамагаць даглядаць за дзіцем сям'і інвалідаў з Івацэвічаў будзе няня
Райвыканкам вырашыў, што гэта будуць два сацыяльныя работнікі на паўстаўкі.
Івацэвіцкі райвыканкам вырашыў вылучыць стаўку няні для сям'і інвалідаў, каб дапамагаць ім даглядаць за дзіцем.
Начальнік упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне насельніцтва Івацэвіцкага райвыканкама Нона Калеснікава паведаміла агенцтву БелаПАН, што гэта будуць два сацыяльныя работнікі на паўстаўкі кожны. "Штодня, у тым ліку ў выходныя дні, няня будзе дапамагаць сям'і ў сярэднім па пяць з паловай гадзін", — паведаміла Калеснікава.
Пасля зацвярджэння кандыдатур на пасаду няні Ганну Бахур з сынам выпішуць з Івацэвіцкай раённай лякарні, дзе яны зараз знаходзяцца. Аплачвацца праца няні будзе са сродкаў мясцовага бюджэту.
Як паведамляла Еўрарадыё, Ганна і Анатоль Бахур, жонка і муж, маюць першую групу інваліднасці. У жанчыны — прыроджаная анамалія канечнасцяў, у мужа — ДЦП. 21 ліпеня ў іх нарадзілася першае дзіця. І хаця дзіця нарадзілася здаровым, хлопчыка хацелі забраць у бацькоў, бо паводле медыцынскіх нормаў яны не могуць выконваць бацькоўскія абавязкі.
Сітуацыю ўдалося пераламіць пасля ўмяшання міністра працы і сацыяльнай абароны Марыяны Шчоткінай, якая прыехала ў Івацэвічы вывучыць праблему.
Міністр працы — пра сітуацыю з бацькамі-інвалідамі, у якіх забіраюць дзіця
Сям'і інвалідаў з Івацэвічаў дазволілі гадаваць дзіця
Ці могуць у краінах ЕС адабраць дзіця ў бацькоў-інвалідаў, як у Беларусі?
Фота: БЕЛТА