“Дармаедам”, якія жылі за мяжой, раяць адразу звяртацца за даведкай да памежніка

“Дармаедам”, якія жылі за мяжой, раяць адразу звяртацца за даведкай да памежніка

У рэдакцыю Еўрарадыё звяртаецца дзяўчына, якой падатковая даслала ліст з патрабаваннем аплаціць “збор на сацыяльнае ўтрыманства”. У 2015 годзе яна працавала ў Тайландзе, але выяжджала туды праз Расію, таму ніякіх адзнак ад беларускіх памежнікаў не мае. Паводле Дэкрэта “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, “ад выплаты збору вызваляюцца грамадзяне, якія фактычна знаходзіліся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь менш за 183 календарныя дні”. Вось толькі ў дакуменце не прапісана, якім чынам можна даказаць сваю адсутнасць.

“Мяне таксама запісалі ў дармаеды!” — піша на сваёй старонцы ў Facebook журналіст Франак Вячорка, ён працуе на “Радыё Свабода” ў Празе, у Беларусі дакладна не быў больш за паўгода. У падатковай, адстаяўшы вялікую чаргу, ён паказаў інспектарцы візавыя адзнакі ў пашпарце: 

“Дармаедам”, якія жылі за мяжой, раяць адразу звяртацца за даведкай да памежніка

— Навошта мне ваш пашпарт?

— Пашпарт за 2015 год, працаваў у Празе, у Беларусі быў менш за паўгода. Тут штампы шенгена.

— Штампы патрэбныя беларускія.

— Ну адкуль я вам вазьму беларускія. Беларускія ж у пашпарт не ставяць. Глядзіце ў базе Памежнага камітэта.

— Вось глядзіце! База "Беркут". Вы былі ў Беларусі!

— Ці магу я неяк інакш вам даказаць, што я не вярблюд?

— Адкуль мы ведаем. Па базе вы знаходзіліся ў Беларусі.

Размова Франака і падатковага інспектара

Атрымліваецца, што база ў падатковай не поўная?

“У сувязі з увядзеннем аўтаматызаванага памежнага кантролю ў Беларусі, штампы грамадзянам Беларусі ў пашпарты не прастаўляюцца з 2008 года, — каментуюць Еўрарадыё ў прэс-службе Памежнага камітэта. — Аднак уся інфармацыя пра перасячэнне грамадзянамі Беларусі мяжы захоўваецца ў базе. Яна можа быць запрошаная грамадзянінам праз афіцыйны электронны зварот ці пісьмовы на афіцыйны адрас Памежнага камітэта”.

Якая база знаходзіцца ў падатковых, у прэс-службе памежнікаў не ведаюць, але яе ўнутраная назва сапраўды “Беркут”.

А што рабіць дзяўчыне, якая звярнулася да Еўрарадыё па дапамогу? Яна ж вылятала ў Тайланд з Расіі, а значыць, у базе беларускіх памежнікаў яе дакладна няма!

“Візавыя адзнакі, від на жыхарства, дамовы — то бок любыя дакументы, якія б даказалі, што вы знаходзіліся за межамі Беларусі больш за 183 дні, — кажуць у адной з падатковых. — Але ў любым выпадку, вам давядзецца да нас прыехаць, напісаць падрабязнае тлумачэнне, дзе вы былі, чым займаліся і гэтак далей. І мы тут зробім хаця б копіі тых візавых адзнак, што ў вас ёсць”.

Менавіта такім шляхам і вырашыў пайсці Франак Вячорка.

“Я звярнуўся да кіраўніцтва “Радыё свабода”, мне выпісалі даведку з падатковай, што я пэўную колькасць месяцаў адпрацаваў у Чэхіі і заплаціў падаткі. Цяпер даведку трэба перакласці на беларускую мову, і буду дасылаць яе з пакетам дакументаў пра тое, што я не "тунеядзіў", а што працаваў у іншай краіне. А паводле закона аб недапушчэнні падвойнага падаткаабкладання, маю права быць вызваленым ад адказнасці плаціць гэтыя падаткі ў Беларусі”. 

У прэс-службе памежнікаў пераконваюць, што іх база ўтрымлівае ўсе легальныя факты перасячэння мяжы. Таму Франаку ўсё ж раяць спачатку звярнуцца да іх, і ўжо з гэтай даведкай ісці ў падатковую.

Па апошніх звестках, падатковая разаслала больш за 250 тысяч “лістоў шчасця” падазраваным у дармаедстве. Прызналі сябе ўтрыманцамі і аплацілі неабходныя 360 рублёў каля 17 тысяч чалавек. Астатнія расставацца з грашыма не спяшаюцца і актыўна шукаюць падставы для гэтага. Чым скончыцца гісторыя супрацьстаяння Франака Вячоркі і падатковай, пакуль невядома. А вось дзяўчына, якая звярнулася да Еўрарадыё па дапамогу, у выніку пакарання пазбегла. У падатковай адсканавалі расійскія і туніскія візавыя адзнакі ў яе пашпарце, узялі тлумачэнні і закрылі пытанне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі