"Дармаеды": гісторыя пытання

"Дармаеды": гісторыя пытання

Колькі ў Беларусі "дармаедаў" і пры чым тут цыганы

Пра барацьбу з "дармаедамі" беларускія ўлады загаварылі ў сакавіку 2012 года. "Прыцягнуць людзей да грамадска карыснай дзейнасці" прапаноўваў дэпутат Віктар Гумінскі. Аднак пра збор з беспрацоўных тады гаворкі не вялося.

У жніўні 2012 года з вуснаў Міхаіла Мясніковіча (тады — прэм'ер-міністра) упершыню прагучала знакамітая лічба — 400 тысяч чалавек, якія "не лічацца ні працуючымі, ні навучэнцамі". Прыкладна пра такую колькасць "дармаедаў" улады будуць казаць і далей. З'явілася і больш-менш уцямнае азначэнне дармаеда. "Многа хто з гэтых так званых непрацуючых, вядома, працуе, але падаходны падатак не плаціць, адлічэнняў у пенсійны фонд не робіць, а ўсімі сацыяльнымі выгодамі: медыцынай і г.д. — карыстаецца, як і ўсе", — абураўся Міхаіл Мясніковіч.

Наступны раз тэма дармаедаў "усплыла" толькі праз год, у чэрвені 2013-га. Да яе абмеркавання падштурхнулі... цыганы са сваім вольным ладам жыцця. "Калі людзі не працуюць, хаця могуць, дык трэба з гэтым нешта рабіць", — выказаўся на іх конт дэпутат Аляксандр Ярашэвіч. А 12 ліпеня 2013 года Міхаіл Мясніковіч (усё яшчэ прэм'ер і ўсё яшчэ лідар барацьбы з дармаедамі) упершыню заявіў пра магчымае ўвядзенне падатку для непрацуючых грамадзян, якіх ён налічыў ужо 445 тысяч.

Дакладныя фармулёўкі і "хацелкі" ўладаў

Ужо ў кастрычніку 2013 года ў распараджэнне журналістаў трапілі першыя праекты дакумента супраць "дармаедаў". Стала вядомая дата, з якой пачнецца адлік — 1 студзеня 2015 года. Загучала фармулёўка, што выкарыстоўваецца дагэтуль: "удзел грамадзян у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў".

Быў вызначаны дакладны памер збору — з кожнага "дармаеда" па 20 базавых велічынь (2,6 млн рублёў). За яго кошт улады разлічвалі папоўніць бюджэт на 400 млрд рублёў (каля $440 млн па тагачасным курсе) за год. Праўда, было зазначана, што далей плацяжы будуць скарачацца — напэўна, разам з колькасцю "дармаедаў".

З гэтага часу тэма "дармаедаў" рэгулярна ўзнікае ў навінах. Напрыклад, Мінфін прапануе прымусіць тых, хто не плаціць падаткі, набываць карткі для наведвання паліклінікі.

Як нам даводзілі, што трэба змагацца з дармаедамі

Толькі ў кастрычніку 2014-га на тэму дармаедаў выказваецца Аляксандр Лукашэнка. У яго прамове галоўнае — не грошы, а "прымусіць гэтых людзей працаваць". МУС прапануе лічыць дармаедамі ўсіх, хто афіцыйна адпрацаваў менш за шэсць месяцаў у год. Патэнцыйных ахвяраў новага збору робіцца ўжо 500 тысяч.

"Утрыманцы карыстаюцца ўсімі выгодамі дзяржавы, атрымліваючы бясплатную адукацыю, медыцынскае абслугоўванне, аплачваючы паслугі ЖКГ па тарыфах, якія датуюцца дзяржавай. А пасля яшчэ прыходзяць да дзяржавы і патрабуюць годную пенсію. Час спыняць гэтае ўтрыманне!" казаў Лукашэнка.

Старшыня праўлення Нацбанка Надзея Ермакова надае праблеме вострае сацыяльнае гучанне: маўляў, дармаеды існуюць, адбіраючы пенсію ў старэнькіх бацькоў. Улетку 2013-га гэтая думка гучала ў Палаце прадстаўнікоў, але тады ніхто не заўважыў.

1 студзеня 2015 года нічога не адбываецца — збор з "дармаедаў" не ўводзіцца. На прэс-канферэнцыі напрыканцы месяца Лукашэнка кажа, што дакумент накіраваны на дапрацоўку і праходзіцца па фрылансерах: "[Ніхто не хоча плаціць] за тых, хто горда заяўляе, што яны фрылансеры, але пры гэтым не ўдзельнічае ў выдатках. Гэта агульнае меркаванне".

Міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна — яшчэ адна актыўная прыхільніца збору з "дармаедаў". Яна прыводзіць лічбы: каля 50 тысяч чалавек у Беларусі ўвогуле не бачаць неабходнасці працаваць. Яшчэ 200 тысяч беларусаў не ўладкоўваюцца на працу ўжо больш за шэсць месяцаў. Каля 123 тысяч з іх — хатнія гаспадыні, у дачыненні да якіх чыноўніца няўмольная: "Сядзець з дзіцём да 14 і нават да 7 гадоў гэтага не будзе".

Беспрацоўныя разумеюць, куды дзьме вецер, і масава становяцца на ўлік на біржах працы. Збор з "дармаедаў" уводзіцца ў красавіку, але з 1 студзеня — задняй датай.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі