Даследаванне: Падтрымка дэмакратыі ў Беларусі ператварылася ў "грантаманію"

Фота: wikimedia.org
Фота: wikimedia.org

Беларускі аналітык Аляксей Пікулік і шведская даследчыца Сафі Бэдфард апублікавалі даследаванне пад назвай "Парадокс дапамогі: умацаванне беларускай недэмакратыі пасродкам прасоўвання дэмакратыі". Аўтары 22-старонкавага дакумента апісваюць механізм падтрымкі беларускіх апазіцыйных партый, які існаваў з пачатку 2000-х, і прыходзяць да парадаксальнай высновы: грошы заходніх донараў спрыялі ўмацаванню ў Беларусі аўтарытарнага рэжыму.

Узяць аператыўны каментар у Аляксея Пікуліка ў Еўрарадыё не атрымалася. Звязацца з Сафі Бэдфард да цяперашняга моманту не ўдалося. Аднак мы атрымалі тэкст дакумента (платны варыянт даступны тут) і вывучылі яго.

Гісторыя пытання

У першую чаргу, аўтары даследавання апісваюць стратэгіі, да якіх "Захад" звяртаўся для дасягнення дэмакратычных змен у Беларусі з канца 1990-х да цяперашняга часу. 7 гадоў паміж 1999 і 2006 гадамі яны называюць залатой эрай інвеставання ў "рэвалюцыйны варыянт" (revolutionary variant). Аднак няўдача апазіцыйных кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах у сакавіку 2006 года прымусіла донараў змяніць тактыку. Яны сталі падтрымліваць ініцыятывы, звязаныя з адукацыяй, аховай здароўя, правамі чалавека, "зялёнай" эканомікай, студэнцкім абменам. Перыяд паміж 2008 і 2010 гадамі характарызуецца як "адліга" ("thawed" relations).

Выбары 2010 года прынеслі не толькі чарговыя санкцыі супраць беларускіх уладаў, але і чарговае расчараванне ў беларускіх апазіцыйных палітыках. Па звестках Пікуліка і Бэдфард, на прэзідэнцкія кампаніі да выбараў 2015 года дэмакратычныя кандыдаты атрымалі ў суме каля $0,5 млн, або ў 30 разоў менш, чым у 2010 годзе. Аднак, у першую чаргу, гэта тлумачылася падзеямі ва Украіне. Па-першае, ніхто не хацеў паўтарэння "Майдана" ў Мінску, а па-другое, Беларусь заняла пазіцыю міратворца, які падтрымлівае ў рэгіёне мір і добрасуседства. Партыі, якія (хай нават толькі на паперы) увасаблялі альтэрнатыву дзеючай улады ў Беларусі, страцілі фінансаванне.

Aid addiction

Паміж 2006 і 2010 гадамі сфарміравалася група апазіцыйна настроеных палітыкаў, у чые электаральныя перспектывы донары ўсур'ёз верылі. У пабудову палітычнай апазіцыі і мадэлі змены рэжыму былі ўкладзеныя сур'ёзныя сродкі, і адступленне да інвесціравання ў "прасоўванне грамадзянскай супольнасці" ("civil society promotion") не разглядалася як прывабны варыянт. Аўтары даследавання робяць выснову, што да гэтага моманту заходнія арганізацыі, якія развіваюць дэмакратыю ў Беларусі, усвядомілі, што яны маюць патрэбу ў беларускай апазіцыі (якая ўсё больш і больш "прафесіяналізіруецца") не менш, чым апазіцыя мае патрэбу ў іх.

Гэтая праблема характарызуецца як "тыпова бюракратычная": апраўдваць працяг праекта па прасоўванні дэмакратыі было лягчэй і больш рацыянальна, чым зачыняць яго, хоць з часам станавілася ўсё больш зразумела, што падтрымка не прыносіць жаданых вынікаў, а ў бенефіцыяраў развілася "грантаманія" (“aid addiction”).

Исследование: Поддержка демократии в Беларуси превратилась в “грантоманию”

Ад рэвалюцыянераў да лабістаў — у апазыцыйным гета

Пікулік і Бэдфард мяркуюць, што апазіцыйна настроеныя групы ў Беларусі, у тым ліку структуры грамадзянскай супольнасці, ператварыліся ў закрытую экасістэму з выразна падзеленымі функцыямі. Кандыдаты ўдзельнічаюць у выбарах, недзяржаўныя СМІ забяспечваюць кандыдатаў пляцоўкамі для выказвання, назіральнікі за выбарамі выяўляюць парушэнні, праваабарончыя арганізацыі аказваюць юрыдычную і фінансавую падтрымку, калі ўсе астатнія падвяргаюцца пераследам, моладзевыя арганізацыі мабілізуюць студэнтаў, каб зрабіць працэс больш ажыўленым, а аналітычныя, "мазгавыя" цэнтры займаюцца грамадскай экспертызай палітычных, сацыяльных і эканамічных падзей. Усе гэтыя працэсы вельмі інтэнсіўныя, але вымерныя вынікі — мінімальныя.

Багацце рэсурсаў ад знешніх донараў ненаўмысна падштурхнула палітычную апазіцыю да таго, што адзін беларускі эксперт назваў "гета, дзе апазіцыя дазволена, але толькі на ўмовах, устаноўленых аўтарытарнай дзяржавай". Для аўтараў даследавання відавочна, што "гета" з'яўляецца вынікам дзяржаўнай стратэгіі кантролю. Сваімі дзеяннямі прыхільнікі дэмакратыі спрыяюць умацаванню статус-кво, гэта значыць умацаванню аўтарытарнай дзяржавы.

У дадзеным выпадку "гета" — гэта не проста фізічнае абмежаванне. Ідэалагічная гегемонія цяперашніх уладаў спрыяла маргіналізацыі апазіцыі, прадставіўшы яе як "бескарысных парушальнікаў спакою". У гэтай сітуацыі "суцяшэннем" ("consolation process") для донараў служыць тое, што апазіцыя, чые дзеянні не прывялі да чаканай змены рэжыму, ператвараецца ў "лабісцкі рух" ("lobbyist movement") для прыцягнення ўвагі ўладаў да канкрэтных праблемах на месцах.

Грант — рэпресіі — у турму

Меркаваннем аб даследаванні  ў сваім тэлеграм-канале падзяліўся беларускі палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман. Ён звяртае ўвагу на трохступенчатую сістэму выдзялення грантаў, пра якую пішуць Пікулік і Бэдфард. Гэтая сістэма працавала з пачатку 2000-х па 2015 год. У ёй бралі ўдзел заходнія фонды, якія забяспечваюць фінансаванне; спецыяльныя арганізацыі-пасярэднікі, якія знаходзіліся ў пастаянным пошуку бенефіцыяраў; і, нарэшце, атрымальнікі донарскай дапамогі. Аўтары даследавання робяць выснову, што мадэль прывяла да сузалежнасці другога і трэцяга звяна.

Калі грошы, выдзеленыя на год, не былі выдаткаваныя, у наступным годзе арганізацыя магла не атрымаць фінансаванне ў тым жа аб'ёме. Але пасярэднікі, як і беларуская апазіцыя, былі зацікаўлены ў тым, каб "пірог ня меншаў". "У гэтай сітуацыі доўгатэрміновыя і спакойныя праекты сталі для ўсіх зручней чагосьці эксперыментальнага і кароткатэрміновага”, — піша Шрайбман. "У выніку пасярэднікі і атрымальнікі дапамогі сталі пісаць донарам салідарныя справаздачы, чаму ўсё працуе добра і трэба працягваць".

Таксама ў даследаванні закранаюцца асаблівасці знешняй палітыкі Беларусі. "Працаваў заганны круг: калі рэпрэсій станавілася менш, адносіны Мінска з ЕС і ЗША наладжваліся, патрэбы ў апазіцыі як ў суразмоўцу станавілася менш, грошы выдзяляліся горш. І наадварот — рэпрэсіі ўскосна вялі да павелічэння забеспячэння. Гэтая схема, лічаць аўтары тэксту, штурхала апазіцыю да больш правакацыйных форм работы і замінала многім падумаць, ці ёсць іншыя шляхі да сэрца грамадства, акрамя пратэстаў-судоў-арыштаў-замежных турнэ".

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі