Даследаванне PISA: 18,5% беларускіх школьнікаў падпадаюць пад булінг

Школа / reform.by
Школа / reform.by

Па ўзроўні чытацкай адукаванасці Беларусь займае 36-е месца з 79 краін. У дзяўчатак гэты паказчык на 23 балы вышэйшы, чым у хлопчыкаў. У Беларусі часцей, чым у іншых краінах, школьнікі прагульваюць заняткі.

Такія звесткі па Беларусі прыводзяцца ў міжнародным даследаванні якасці адукацыі PISA. Арганізацыя раз на тры гады праводзіць тэставанне школ па ўсім свеце. У Беларусі ў ім паўдзельнічалі 15-гадовыя школьнікі з больш чым 200 устаноў адукацыі, якія выбірала арганізацыя з ЗША Westat.

36-е, 37-е и 38-е месцы
 

Па чытацкай адукаванасці Беларусь займае 36-е месца з 79 краін, набраўшы 474 балы з 1000. У лідарах — Кітай (555), Сінгапур (549) і Эстонія (523). Па прыродазнаўчанавуковай адукаванасці ў нас 471 бал і 37-я пазіцыя. Краіны-лідары — тыя самыя. Па матэматычнай адукаванасці беларускія школьнікі на 38-м месцы.

Гендарныя адрозненні
 

Вынікі тэставання паказалі, што ў беларускіх дзяўчат вышэйшыя, чым у хлопцаў, паказчыкі чытацкай адукаванасці (на 23 балы). Па іншых відах адукаванасці дзяўчаты, наадварот, нязначна адстаюць ад юнакоў — на шэсць балаў у матэматычнай адукаванасці і на тры балы ў прыродазнаўчанавуковай адукаванасці.

Такія гендарныя адрозненні паміж сярэднім балам юнакоў і дзяўчат маюць месца ў большасці краін.

Рэгіёны адстаюць ад сталіцы

Исследование PISA: 18,5% белорусских школьников подвергаются буллингу
Школа ў Лепелі / Еўрарадыё

Па ўсіх відах адукаванасці найлепшыя вынікі PISA атрымала ў мінскіх установах адукацыі: перавышэнне сярэдняга паказчыка па краіне на 40 пунктаў і вышэй. Далей ідуць абласныя цэнтры. Менш высокі ўзровень вынікаў атрыманы ў пасёлках гарадскога тыпу і раённых цэнтрах, самы нізкі — у сельскіх школах (адставанне на 45 пунктаў).

Розніца паміж сярэднім вынікам гарадскіх і сельскіх школ склала 60 балаў, што прыкладна суадносна з двума гадамі навучання.

Беларускую мову выбралі 1% школьнікаў
 

Пераважная большасць удзельнікаў выбрала рускую мову ў якасці мовы тэставання. Выбар на карысць беларускай мовы зрабілі крыху больш за 1% удзельнікаў — 62 чалавекі з 5830.

Прагулы заняткаў
 

У Беларусі 24,2% вучняў пацвердзілі факт пропуску заняткаў. Сярэдні паказчык па краінах складае 21,3%. Школьнікі з гарадскіх устаноў адукацыі прапускаюць заняткі часцей, чым навучэнцы ў сельскай мясцовасці. У Еўропе найменшы працэнт навучэнцаў, якія прапускаюць заняткі, выяўлены ў Нідэрландах (7,2%), Ісландыі (7,4%), Бельгіі (8,7%), Швецыі (9,9%).

Цкаванне ў школе
 

18,5% беларускіх школьнікаў адзначылі ў працэсе анкетавання, што яны падпадалі пад тую ці іншую форму булінгу хоць бы некалькі разоў на месяц. Паказчык крыху ніжэйшы за сярэдні па краінах — 22,7%. У Еўропе самыя нізкія паказчыкі булінгу выяўленыя ў Нідэрландах (12,2%) і Партугаліі (13,7%).

Исследование PISA: 18,5% белорусских школьников подвергаются буллингу
Булінг у школе / budettalk.ru

5,6% беларускіх навучэнцаў церпяць цкаванне часта. Як і ў сярэднім па краінах, у Беларусі часцей за ўсё цкаванне сустракаецца ў выглядзе жартавання, распаўсюджвання непрыемных плётак, наўмыснага ігнаравання, калі калектыў пакідае навучэнца ўбаку.

Эмацыйны камфорт ніжэйшы, чым у іншых краінах
 

У Беларусі сярэдні індэкс эмацыйнага камфорту аказаўся ніжэйшы за сярэдняе значэнне і склаў -0,1. Найбольшыя разыходжанні вынікаў анкетавання назіраюцца па пазіцыях "я не адчуваю сваёй прыхільнасці да школы" і "я адчуваю, што не падабаюся іншым вучням".

Найбольш высокі ўзровень эмацыйнага камфорту PISA зафіксавала ў Іспаніі (0,5), Аўстрыі (0,4), Албаніі (0,4), Нарвегіі (0,4), Швейцарыі (0,3).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі