Дэфіцыт — 4 мільярды: Мінфін расказаў пра сітуацыю ў эканоміцы
Усё кепска, але Мінфін захоўвае аптымізм / Еўрарадыё
Мінфін апублікаваў дакумент пад назвай "Асноўныя напрамкі бюджэтна-фінансавай і падатковай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2021-2023 гады". Там, у прыватнасці, расказваюць пра цяперашнюю сітуацыю ў эканоміцы Беларусі.
Так, ужо сёлета, паводле ацэнак Мінфіна, будзе велізарны дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту: 4,2 мільярда рублёў. Усё за кошт змяншэння даходаў.
З пачатку года, калі параўноўваць з аналагічным перыядам 2019-га, рэспубліканскі бюджэт недаатрымаў 1,4 мільярда рублёў. Прыкметна ніжэй за план — паступленні ад дывідэндаў, мытных пошлін на нафту і нафтапрадуктаў, падатку на прыбытак.
Са студзеня па верасень ўлады выдаткавалі на пагашэнне і абслугоўванне дзярждоўгу 6,4 мільярда рублёў. 97,2% гэтых сродкаў былі выплачаныя ў валюце.
Нагадаем, у рэспубліканскі бюджэт на 2021 год таксама закладзены дэфіцыт у памеры 4 мільярдаў рублёў. Вырашаць эканамічныя праблемы ўлады будуць за кошт грамадзян: ужо перагледжаны Падатковы кодэкс, плануюцца да ўвядзення новыя зборы (напрыклад, за выезд за мяжу) і павышэнне шэрагу падаткаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.