Дэмакратычная моладзь Магілёва адкрыла "сацыяльны офіс"

У Магілёве намаганнямі Моладзевых Дэмакратычных Сілаў (МоДэС) з'явіўся "сацыяльны офіс". Урачыстае адкрыццё цэнтра адбылося 11 лютага. "Сацыяльны офіс" аб'ядноўвае больш за 30 валанцёраў. Ідэя з'явілася сярод маладых людзей, якія хочуць займацца сацыяльнай працай. Не заўсёды ў Магілёве сацыяльныя службы могуць дапамагчы людзям, таму МоДэС вырашылі адчыніць сацыяльны офіс, кажа офіс-менеджэр Аксана Закрэўская:

"Мы вырашылі рэалізоўваць такі праект, як "сацыяльны офіс". У рамках праекту будзе аказвацца розная дапамога: кансультацыі, валанцёрская падтрымка розным слаям насельніцтва. У першую чаргу мы арыентаваныя на студэнтаў, гэтак жа на пенсіянераў".

Таксама ў "сацыяльным офісе" можна атрымаць юрыдычную дапамогу, і адмоўлена не будзе нікому, кажа юрыст Сяргей Фамін:

"Гэта аказанне юрыдычнай дапамогі — бясплатнай, абсалютна ўсім слаям насельніцтва. Мы не будзем адмаўляць у кансультацыі нікому, ні па якіх пытаннях".

Валанцёрка Крысціна Шацікава кажа, што многія маладыя людзі выйшлі з палітычных акцыяў, і яны хочуць нешта рабіць і рэальна дапамагаць людзям:

"Проста палітычныя акцыі могуць паказаць грамадству і Еўропе, што ў нас нейкія беспарадкі. Але для таго каб нешта змяніць у краіне, трэба паказаць людзям, што мы можам не толькі казаць, але і рабіць. Не казаць людзям, як ім дрэнна жывецца, а паказаць, што можна лепш. І паказаць, што вось мы з вамі гатовыя за руку прыйсці і зрабіць гэта разам".

"Мае сябры з нядбайных сем'яў часта патрабуюць дапамогі. Таму я вырашыла дапамагаць", — кажа Аксіння, вучаніца 37-й школы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі