Дэпартацыі пакуль не будзе. Актывісту Цыбінскаму не трэба пакідаць Германію
Станіслаў Цыбінскі / August2020
Ініцыятыва Razam.de дапамагае абскардзіць адмову ў дачы палітычнага прытулку ў Германіі. Яна прыйшла на дапамогу беларусу Стасу Цыбінскаму. З'язджаць з краіны Стасу пакуль не давядзецца.
Пасля пачатку вайны Стас прыехаў у Германію з Украіны. Ён разлічваў легалізавацца як ваенны ўцякач, але ў гэтым міграцыйная служба яму адмовіла. А неўзабаве Стас даведаўся, што статус палітычнага ўцекача Германія таксама не хоча яму прысвойваць.
Стас упэўнены, што прычына ў тым, што ў Беларусі ён быў асуджаны за здзяйсненне цяжкага злачынства. У ініцыятыве Razam.de лічаць, што гэта не так.
— У адказе Стасу было пазначана шэсць прычын, па якіх яму было адмоўлена ў палітычным прыстанішчы, і яго судзімасць не была пазначана сярод іх. Адмова звязаная з тым, што, на думку чыноўніка, расказ Станіслава быў непраўдападобны і з некаторымі супярэчнасцямі. Усе гэтыя супярэчнасці чыноўнік дэталёва растлумачыў у сваёй адмове. Наша задача з адвакатам будзе цяпер дэталёва растлумачыць гэтыя моманты, — расказалі Еўрарадыё ў Razam.
Пра праблему Стаса там даведаліся ад іншых уцекачоў. Праз гэтых людзей Цыбінскаму перадалі адрас электроннай пошты для сувязі — [email protected]. Ініцыятыва дапамагла Стасу знайсці адваката, які спецыялізуецца на справах аб міграцыі і легалізацыі.
— Пасля атрымання адмовы ў Станіслава было два тыдні на падачу апеляцыі ў суд. Мы падалі апеляцыю ў тэрмін. Цяпер яму не трэба пакідаць Германію, пакуль не прыйдзе рашэнне з суда. Цяпер у нас ёсць месяц, каб даслаць абгрунтаванне пазову.
А на прыняцце рашэння ў суда можа пайсці шмат часу — больш за год. Увесь гэты час Стас зможа заставацца ў Германіі.
— Ёсць, напрыклад, магчымасць у часе чакання рашэння знайсці сабе кваліфікаваны Ausbildung (сярэднюю прафесійную адукацыю). Тады Станіслаў можа атрымаць адтэрміноўку дэпартацыі ў сувязі з вучобай, — раяць у ініцыятыве.
І не спрабуйце прыхарашыць
— Гэта не першы выпадак адмовы, якім мы займаемся. Адмова — гэта вельмі сур'ёзны момант, у якім трэба дзейнічаць хутка і аператыўна і для абскарджвання якога неабходна вельмі шмат рэсурсаў. Як чалавечых, так і фінансавых.
Таму мы бяромся за працу пасля таго, як чалавек праходзіць нашу ўнутраную верыфікацыю, каб накіраваць гэтыя рэсурсы на тых людзей, якім сапраўды патрэбна дапамога. І пастарацца выключыць тых, хто карыстаецца сітуацыяй.
У выпадках сумневаў пра праўдападобнасць або пра асобу чалавека мы звяртаемся па верыфікацыю ў іншыя ініцыятывы, з якімі мы сумесна працуем.
Ініцыятыва можа і адмовіць чалавеку ў дапамозе. Напрыклад, калі ён падманвае або хавае факты.
— У нас у ініцыятыве яшчэ не было прэцэдэнтаў, што чалавеку, якога сапраўды пераследавалі, прыйшла адмова з суда і яго прасілі пакінуць краіну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.