Дэпутат: Не трэба ўспрымаць нас як нейкіх артадоксаў — проста мы асцярожныя

Еўрарадыё: На мінулым тыдні вы сустракаліся з місіяй БДІПЧ АБСЕ. Пра што гаварылі?

Аляксандр Зазуля: Дыялог быў наконт практыкі прымянення выбарчага заканадаўства падчас выбараў 2012 года. І наконт пэўных перспектыў — як вы ведаеце, зараз ідзе размова пра пэўныя змены ў Выбарчым кодэксе, хоць пакуль няма на гэты конт нават законапраекта. Пра гэта і гаварылі.

Еўрарадыё: Але ж вядома, што практычна нічога з рэкамендацый АБСЕ намі прынятае не будзе... І які сэнс тады ў гэтых перамовах і сустрэчах?

Аляксандр Зазуля: Нават вы спяшаецеся з высновамі — законапраекта сёння няма. Сябры місіі заявілі, што з іх боку больш не будзе крытычнага падыходу. Яны гатовыя нам прадставіць экспертную дапамогу, і на ўзроўні экспертаў мы гатовыя з імі супрацоўнічаць. Яны пацвердзілі: падыход з іх боку будзе не як крытыкаў, а як экспертаў. Гэта не можа нас не радаваць. Трэба разумець і іншае: выбарчае заканадаўства можна памяняць цалкам, але ці будзе з гэтага карысць? Сёння мы маем Выбарчы кодэкс, у які было не так даўно ўнесена даволі шмат зменаў. Сярод іх — магчымасць стварэння выбарчага фонду і магчымасць палітычных партый вылучаць сваіх кандыдатаў незалежна ад наяўнасці ў іх прадстаўніцтва ў рэгіёнах. Карыстайся! Збірай сродкі і набывай эфір, старонкі ў СМІ. Хто гэтым скарыстаўся? Я скарыстаўся. Тры мае апаненты на апошніх выбарах парламенцкіх — не. Сёння апаненты не карыстаюцца нават мінімальнымі прэферэнцыямі, якія ёсць. Скарыстайцеся гэтымі і прапаноўвайце іншыя. Дык не! Гэтымі не карыстаюцца, а прапаноў маса!  Пра тое, што трэба глядзець не толькі на тое, што напісана ў заканадаўстве, але і як гэта рэалізуецца ўсімі бакамі, мы размаўлялі з прадстаўнікамі БДІПЧ АБСЕ. І калі я выставіў нейкую прэтэнзію, то трэба паглядзець — як я скарыстаўся тым, што было раней ухвалена АБСЕ.



Еўрарадыё: Афіцыйны Мінск пастаянна абвінавачвае БДІПЧ АБСЕ ў двайных стандартах. Я так разумею з вашых слоў, што зараз прадстаўнікі БДІПЧ паабяцалі: больш з іх боку палітызаванага падыходу да выбараў не будзе?

Аляксандр Зазуля: А мы са свайго боку таксама прынялі рашэнне не карыстацца крытычнымі падыходамі да місіі БДІПЧ АБСЕ. Гэту старонку гісторыі трэба перагарнуць. Хоць нагадаю, што да іх крытычна ставіліся не толькі мы — сёння Парламенцкая асамблея АБСЕ і БДІПЧ АБСЕ маюць пэўныя супярэчнасці. Але мы не будзем падліваць алею ў гэтыя супярэчнасці. Ёсць рэзалюцыя, прынятая ў Манака, якая патрабуе распрацаваць адзіныя падыходы да аналізу выбарчых кампаній у краінах-сябрах АБСЕ. Але давайце думаць так: распачаты дыялог — гэта пачатак канструктыўнай працы, які можа ісці ад сённяшняга дня і надалей. Я лічу, што для канструкцыйнай працы у нас ёсць добрыя падставы.

Еўрарадыё: Апазіцыя ўжо накіравала свае прапановы наконт змены выбарчага заканадаўства ў парламент — вы іх бачылі?

Аляксандр Зазуля: Так. І нават адказ далі — што прынялі да ведама і што будзем працаваць над гэтымі прапановамі. Яны цікавяцца, як будзе праходзіць грамадскае абмеркаванне — адкрыйце інтэрнет! Ён перапоўнены абмеркаваннямі ўсіх выказаных і не выказаных прапаноў — чым  гэта вам не грамадскае абмеркаванне?! Вось і БДІПЧ АБСЕ — калі яны насамрэч гатовыя супрацоўнічаць з намі як эксперты, то пэўныя іх прапановы, безумоўна, будуць намі ўспрынятыя. Але калі будзе выключна непрызнанне і крытыка… Не трэба ўспрымаць нас як нейкіх артадоксаў — проста мы асцярожныя. Хай мы не рухаемся наперад сямімільнымі крокамі, мы — не радыкалы, але я не бачу ў гэтым вялікай праблемы.



Еўрарадыё: Але ж адну “радыкальную” прапанову мы пачулі ад старшыні Цэнтравыбаркама — скасаваць сельскія саветы. Як вы да гэтага ставіцеся?

Аляксандр Зазуля: Насцярожана, скажам так. Мы гэтую прапанову будзем актыўна абмяркоўваць у сябе ў камісіі. Прычым гэта не Лідзія Міхайлаўна нам патэлефанавала і расказала пра гэту ідэю — у інтэрнеце вычыталі! Пасля гэтага сабралі камісію і я папрасіў сваіх калег, каб яны падчас працы ў акругах высветлілі, што на гэты конт думаюць старшыні сельсаветаў, дэпутаты сельсаветаў, старшыні райвыканкамаў, людзі. Аналізуем сітуацыю. Асабіста я лічу, што сёння дэпутаты сельскіх саветаў маюць права на жыццё.

Еўрарадыё: Як вы ставіцеся да таго, што чыноўнікі рай- і аблвыканкамаў фармуюць склад выбарчых камісій? Пазбавіць іх гэтага прывілею, дарэчы, рэкамендаваў БДІПЧ…

Аляксандр Зазуля: Памыляюцца тыя, хто лічыць, што на ўзроўні выбарчых камісій можна вырашыць выбарчы працэс. Гэта вам кажа чалавек, які прайграў свае першыя выбары ў парламент. Калі ты ідзеш на 101% — ніхто не паўплывае на твой вынік. Калі ж у цябе 50 на 50 — працуй далей. Мой выйгрыш падчас другіх выбараў стаў вынікам першых, прайграных выбараў. Падчас выбарчай кампаніі я правёў 227 сустрэч, па 5-6 сустрэч з выбаршчыкамі штодня. Сфармаваў свой фонд і купіў два эфіры на тэлебачанні, дзве газеты, зладзіў пікет — прыгожа, з песнямі. А мае апаненты наведалі толькі тыя сустрэчы з выбаршчыкамі, якія ім арганізавала выбарчая камісія.



Еўрарадыё: Калі вы так упэўненыя ў сваіх сілах, то чаму б не падтрымаць ідэю апазіцыі і БДІПЧ наконт адмены датэрміновага галасавання?

Аляксандр Зазуля: Няхай зарэгіструюць фонд і збяруць у ім пару мільёнаў — а потым пачынаюць разважаць пра датэрміновае і іншае галасаванне! Ну, зрабіце сёння хоць што-небудзь, каб паказаць, што вы мужыкі! Зрабіце хоць што-небудзь хаця б для мяне, каб я ўсур’ёз пачаў успрымаць сваіх апанентаў ад апазіцыі! А то: падаюць дэкларацыю, а прыбытак — нуль, за месяц да выбараў рэгіструюцца індывідуальным прадпрымальнікам, каб не было напісана, што ён — беспрацоўны.

Еўрарадыё: Другі раз вы становіцеся дэпутатам і другі раз ваш мандат міжнародная супольнасць не прызнае легітымным. Гэта вам не перашкаджае працаваць?

Аляксандр Зазуля: Пасля першага абрання я гэта не зразумеў, пасля другога — не звярнуў увагу. Я працую не для БДІПЧ АБСЕ, а для свайго Кобрынскага раёна.



Еўрарадыё: Але з трыбуны Парламенцкай асамблеі выступіць не адмовіліся б?

Аляксандр Зазуля: Якія праблемы — няхай клічуць мяне, маіх калег, нам ёсць што сказаць. Для гэтага няма ніякіх перашкод. Так, ёсць пэўная ацэнка з боку пэўных структур, але я не лічу, што гэта перашкаджае весці дыялог з парламентам. Бо парламент у Беларусі адназначна ёсць, і галасы людзі за Аляксандра Зазулю і іншых маіх калег адназначна аддавалі. Выбары прайшлі. І сёння ўсё, што было вакол выбараў, людзям, якія любяць Рэспубліку Беларусь, трэба забыць.



Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі