Дэпутаты абурыліся, што "Табакеркі" перанеслі з цэнтральных вуліц да школ
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў абурыліся шапікамі "Табакерка", пастаўленымі недалёка ад школаў і лякарняў.
Падчас выступу міністра міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзіміра Калтовіча сваё абурэнне выказаў старшыня Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе і сувязі Андрэй Рыбак.
Ён падкрэсліў, што шапікі "Табакерка" стаяць за 150-200 метраў ад школы. "Мы прадаем цыгарэты, і дзіця ідзе проста са школы міма гэтага шапіка", — распавёў дэпутат.
Рыбак прапанаваў яшчэ раз абмеркаваць рэкламу і размяшчэнне "Табакерак", каб мясцовыя ўлады маглі ведаць, дзе іх ставіць: "Мясцовыя ўлады таксама ў разгубленасці. Яны прыбралі іх з цэнтральных вуліц, але перанеслі да школаў, дзіцячых пляцовак".
Дэпутат прапанаваў, каб у законе было вызначана, на якой адлегласці ад установаў адукацыі і ўстановаў аховы здароўя трэба размяшчаць "Табакеркі".
Яшчэ адзін дэпутат, Дзмітрый Шаўцоў, таксама абурыўся: "Мы так доўга прыбіралі шапікі з прыпынкаў, а цяпер зноў іх адчыняем! Мы нібыта спартовая краіна, а цяпер ідзе рэклама тытуню".