Дэйв Льюіс: Маімі асістэнтамі ў зборнай стануць Кавалёў, Антоненка і Журык

15 снежня ў Мінску адбылося падпісанне кантракту новага галоўнага трэнера хакейнай зборнай Беларусі Дэйва Льюіса. На прэс-канферэнцыі, прысвечанай гэтай падзеі, старшыня Федэрацыі хакея Беларусі Ігар Рачкоўскі заявіў, што пагадненне з канадскім спецыялістам падпісанае да канца сезона — да 31 траўня 2015-га. "Сума ж кантракту не перавышае ўмовы, якія былі ў Глена Хэнлана [былога галоўнага трэнера хакейнай зборнай Беларусі]", — сказаў Рачкоўскі.

Дэйв Льюіс распавёў, што на бліжэйшым зборы хакейнай зборнай Беларусі, які распачынаецца 15 снежня, асістэнтамі будуць Аляксей Кавалёў, Алег Антоненка і Аляксандр Журык. Аднак ён дапускае, што ў далейшым у трэнерскім штабе могуць адбыцца змены.

Дэйву Льюісу 61 год. У якасці абаронцы ён правёў у НХЛ больш за 1000 матчаў, выступаў за "Нью-Ёрк Айлендэрс", "Лос-Анджэлес Кінгз", "Нью-Джэрсі Дэвілс" і "Дэтройт Рэд Уінгз". Льюіс уваходзіў у трэнерскі штаб шэрагу клубаў НХЛ: "Дэтройт Рэд Уінгз" (1987-2006 гг.), "Бостан Бруінз" (2006-2007 гг.), "Лос-Анджэлес Кінгз" (2007-2008 гг.), "Караліна Харыкейнз" (2011-2014 гг.). Разам з "Крыламі" ён тройчы станавіўся ўладальнікам Кубка Стэнлі (1997, 1998, 2002). У 2010-2011 гадах Льюіс ачольваў нацыянальную хакейную зборную Украіны.

У 2009 годзе канадскі спецыяліст быў асістэнтам галоўнага трэнера зборнай Беларусі Глена Хэнлана, а ў 2010-м — Міхаіла Захарава.

Нагадаем, восенню сёлета галоўным трэнерам зборнай Беларусі быў Уладзімір Крыкуноў, які раптоўна пайшоў у адстаўку. Яму прапанавалі ачоліць каманду "Нафтахімік", а на сумяшчэнне ім пасадаў Федэрацыя хакея Беларусі не пагадзілася.

Усе трэнеры зборнай Беларусі:

Уладзімір Сафонаў — 1992 год

Андрэй Сідарэнка — 1993-1996

Анатоль Варывончык — 1996-2001

Уладзімір Крыкуноў — 2002-2003, 2014

Міхаіл Захараў — 2003-2005, 2009-2010

Глен Хэнлан — 2005-2006, 2009, 2013-2014

Курт Фрэйзер — 2006-2008

Эдуард Занкавец — 2010-2011

Кары Хейкіля — 2011-2012

Андрэй Скабелка — 2012-2013

Фота — kp.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі