“Дняпро” пакідае вышэйшую лігу, а “Тарпеда” вырвалася з “падвалу” чэмпіянату
Магілёўскі “Дняпро” пакідае вышэйшую лігу чэмпіянату Беларусі па футболе. Гэта стала вядома пасля гульні ў рамках 28 тура, якую магілёўцы правялі са сталічным “Тарпеда”. Матч праходзіў у Мінску і скончыўся з лікам 3:0 на карысць гаспадароў, якія раней таксама былі ў зоне вылету, а цяпер узняліся на 13-ы радок турнірнай табліцы і маюць шанец застацца ў эліце.
“Дняпро” за два туры да канца чэмпіянату мае 16 ачкоў і знаходзіцца на апошнім месцы. Каб выйсці з зоны вылету, трэба набраць хаця б 7 ачкоў, а гэта ўжо немагчыма. У мінулым сезоне “Дняпро” заняў 12-е месца ў вышэйшай лізе. Раней, у 2015-2016 гадах каманда выступала ў першай лізе, куды вылецела пасля няўдалага чэмпіянату-2014.
Тым часам у зону вылету на 15-ы радок ссунуўся сталічны “Прамень”. Сёння ён гуляе з жодзінскім “Тарпеда-БелАЗ” і ў выпадку пройгрышу стане кандыдатам на вылет у першую лігу. Цяпер у яго 23 ачкі. У небяспечнай пазіцыі і “Смалявічы”, якія таксама маюць 23 ачкі і стаяць на 14-м месцы. Нават мінскае “Тарпеда” пакуль не забяспечыла сабе захаванне месца ў эліце, бо мае ўсяго 24 ачкі.
Ужо вядома, што налета ў вышэйшую лігу вяртаецца “Славія”, а таксама туды пераходзіць “Энергетык-БДУ”.
Відэа: АББФ