Доктар Мартаў адказаў Лукашэнку і Піневічу: Пацыенты застаюцца ў закладніках
Уладзімір Мартаў / imenamag.by
Анестэзіёлаг-рэаніматолаг Уладзімір Мартаў, які распавёў аб адключэннях кіслароду 7-8 студзеня ў БХМД у Віцебску, адказаў на крытыку Аляксандра Лукашэнкі і міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча. Мартаў настойвае: у тыя дні ў бальніцы былі не проста "невялікія перабоі на піку", як лічыць міністр. Ён называе тое, што адбылося, катастрофай.
"І да таго перабоі з падачай кіслароду час ад часу прыводзілі да сумных наступстваў. Але ў тыя дні адбыўся маштабны збой. Гэта надзвычайнае здарэнне "замялі пад дыванок". Мой зварот да міністра Піневіча меў вынікам маё звальненне", — напісаў доктар у "Фэйсбуку".
Па яго словах, перабоі з падачай кіслароду здараюцца і цяпер. "Пацыенты застаюцца ў закладніках непрафесійных менеджараў. Чарговы збой можа здарыцца ў любы дзень. Падача кіслароду не залежыць ад таго, заг. аддзяленнем рэанімацыі апазіцыянер ці не", — падводзіць вынік Мартаў.
Калі ў 2020 годзе пандэмія COVID-19 прыйшла ў Беларусь, Уладзімір Мартаў стаў адным з нешматлікіх лекараў, якія казалі пра небяспеку і рэальны стан спраў з распаўсюджваннем віруса. 1 сакавіка 2021 года ён даведаўся, што з ім не падаўжаюць кантракт, заключаны амаль пяць гадоў таму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.