Домрачава і Б’ёрндален занялі 4-е месца ў суперміксце “Гонкі чэмпіёнаў”
А Скардзіна і Мартэн Фуркад занялі апошняе месца з-за прыкрага інцыдэнту.
5 красавіка ў Цюмені завяршыўся біятлонны турнір “Гонка чэмпіёнаў”. Апошнім спаборніцтвам турніру стала змяшаная парная эстафета, дзе перамогу атрымлі расіяне Кацярына Юрлова і Антон Шыпулін. Другое месца дасталася расіянцы Дар’і Віралайнен і французу Сімону Фуркаду, трэцяе — славенскай пары, Тэі Грэгарын і Якаву Факу.
Беларуска Дар’я Домрачава, якая ў той жа дзень выйграла мас-старт, бегла эстафету з нарвежцам Оле Эйнарам Б’ёрндаленам. Яны сталі чацвёртымі.
Усяго ў суперміксце ўдзельнічалі 10 пар. Апошняе месца занялі беларуска Надзея Скардзіна і француз Мартэн Фуркад. Такі вынік атрымаўся з-за прыкрага інцыдэнту ў часе перадачы другой эстафеты. Француз падрэзаў расіяніна Яўгена Гаранічава, той упаў і збіў з ног Скардзіна. У беларускай біятланісткі зламалася вінтоўка. На першым агнявым рубяжы Скардзіна паспрабавала страляць, але прамахнулася і вырашыла прабегчы пяць штрафных колаў. Затым яна страляла на трох рубяжах з вінтоўкі Фуркада, але шмат разоў не патрапляла.
У выніку арганізатары спаборніцтваў падтрымалі Скардзіна і Фуркада прызам “За волю да перамогі”.