Домрачава і Новікаў заваявалі для Беларусі першыя медалі на Алімпіядзе

У індывідуальнай гонцы на 15 кіламетраў беларуская біятланістка Дар'я Домрачава паказала трэці вынік, а ў мужчынскай індывідуальнай гонцы на 20 км Сяргей Новікаў выйграў "срэбра", паказаўшы аднолькавы вынік са знакамітым нарвежцам Уле Эйнарам Б'ёрндаленам
У жаночай індывідуальнай гонцы на 15 кіламетраў "золата" дасталося Торы Бергер з Нарвегіі, якая паказала вынік — 40:52,8 пры адным промаху на агнявым рубяжы. "Срэбра" выйграла Алена Хрусталёва з Казахстана — +20,7 (яна адстралялася без промахаў). Наша Дар'я Домрачава (на здымках) заваявала бронзу — +28,2 з адным промахам.



У індывідуальнай гонцы добра выступілі беларускі Людміла Калінчык (9-е месца) і Вольга Кудрашова (16-е).

"Золата" мужчынскай індывідуальнай гонкі выйграў нарвежац Эміль Хэгле Свендсан. Беларус Сяргей Новікаў (на здымках) пасля чацвёртага агнявога рубяжа сенсацыйна лідыраваў (у яго сёння не было промахаў), але на жаль упусціў залаты медаль. На фінішы ён паказаў такі ж час, што і знакаміты нарвежац Уле Эйнар Б'ёрндален (Свендсану яны саступілі 9,5 секунды). У выніку абодва атрымалі срэбраныя медалі.




Такім чынам, зборная Беларусі на Алімпіядзе ў Ванкуверы ўвайшла ў лік 25 краін, якія ўжо маюць медалі. Беларусь — на 17-м месцы.



Фота — vancouver2010.com, belta.by, uk.eurosport.yahoo.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі