Дыджэі, якія ўключылі "Перамен", выйшлі на свабоду
Кірыл Галанаў і Улад Сакалоўскі разам з актрысай і спявачкай Анастасияй Шпакоўскай каля турмы на Акрэсьціна, Мінск, 16 жніўня 2020 года
Гукарэжысёры Кірыл Галанаў і Уладзіслаў Сакалоўскі, якія ў Кіеўскім скверы 6 жніўня ўключылі "Пераменаў" Цоя на праўладным мерапрыемстве, выйшлі на волю.
Іх выпусцілі з ізалятара на Акрэсціна а 18:30 16 жніўня. Пры гэтым прысутнічала актрыса і музыкантка Анастасія Шпакоўская.
"Іх трымалі ў карцары да 11-га, падлога была пасыпана хлоркай, ложак не адсцёгваўся, — распавядае Анастасія ў размове з Еўрарадыё. — Іх не білі. Але відаць, што яны знаходзяцца ў стане афекту — вельмі стаміліся. І чулі, што адбывалася ў турме пасля 9-га чысла, калі пачаўся гвалт супраць удзельнікаў акцый пратэстаў. Хлопцы вельмі ўзрадаваліся сённяшнім кадрам з горада. Цяпер яны пайшлі да намёту, дзе аказваецца юрыдычная і медыцынская дапамога ўсім, хто выходзіць з ізалятара ".
Да 6 жніўня Кірыл Галанаў і Уладзіслаў Сакалоўскі працавалі гукарэжысёрамі ў Палацы моладзі.
— Знаходзіўся там, мы ставілі гук. Там збіраліся сарваць мітынг Ціханоўскай. Паколькі мы там павінны ад Палаца дзяцей і моладзі ставіць гук, я разумеў, што зрываць будуць, па сутнасці, маімі рукамі. Максімальна непрыемна і зневажальна. Я загадзя спрабаваў дамовіцца з кіраўніцтвам, каб я не працаваў у гэтыя дні, ці нават звольніцца, — сказаў Кірыл Галанаў на судзе. Яму і яго сябру Уладу прысудзілі па 10 сутак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.