Дырэктар BelHard: з Беларусі зʼехала каля 15% ІТ-спецыялістаў
Дырэктар BelHard Ігар Мамоненка ў інтэрв'ю probusiness.io расказаў не толькі, як яго кампанія перажыла 2020 год, але выказаўся і пра сітуацыю ў ІТ-сферы краіны. Паводле яго слоў, адным з выклікаў мінулага года і пачатку гэтага з'яўляецца "недахоп якасных кадраў: падрыхтаваных, прафесійных, ініцыятыўных". Мамоненка пракаментаваў ад'езд часткі беларускіх айцішнікаў пасля прэзідэнцкіх выбараў за мяжу. Ён лічыць, што "адток быў нязначны", пры гэтым "Беларусь страціла некалькі сапраўды перспектыўных кампаній". "Вядома, шкада, што так адбываецца, але гэта не смяротна", — кажа дырэктар BelHard.
"Айцішнікаў у ПВТ — каля 70 тысяч, а агулам па краіне — каля 200 тысяч чалавек працуе ў ІТ, — працягвае Ігар Мамоненка. — Калі разглядаць самыя смелыя ацэнкі, з'ехала каля 15%. Іншая справа, што ў ліку тых, хто з'ехаў, былі вельмі моцныя спецыялісты".
Мамоненка перакананы, што многія айцішнікі яшчэ вернуцца ў Беларусь, калі пройдзе "гэты самы напружаны і складны перыяд". Але "школа падрыхтоўкі кадраў" захоўваецца. Праўда, на падрыхтоўку добрага спецыяліста патрэбны час.
Айцішнікі актыўна ўдзельнічалі ў пратэстах жніўня-верасня 2020-га супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і гвалту сілавікоў. Нямала іх прайшлі праз Акрэсціна. Восенню тысячы беларусаў з'ехалі ва Украіну, у Літву, Латвію і Польшчу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.