Дзе патусіць на выхадных 16-18 траўня, раіць Уладзь Лянкевіч
Паэт і лідар гурта TonqiXod выбірае івэнты з "Ночы музеяў", а таксама канцэрты джазавай і інды-музыкі.
Выхадныя Уладзя Лянкевіча выглядаюць па-рознаму і залежаць ад перыяду жыцця. Аднак доўга прымушаць сябе адрываць дупу ад канапы паэту і музыку не даводзіцца: дзеля эксперыменту і прыроднай цікавасці ён гатовы ісці нават на самыя дзіўныя і трэшовыя мерапрыемствы.
"Бывае, што сапраўды хочацца развеяцца, ― кажа Уладзь. ― На шчасце, у мяне хапае знаёмых і сяброў, якія займаюцца творчымі і калятворчымі рэчамі, і запрашаюць мяне на свае імпрэзы. Адпаведна, ёсць падстава пайсці, прымусіць сябе вылезці з ложка і т.д. Таму досыць часта я трапляю на нейкія івэнты знаёмых, прыяцеляў ды сяброў. І ў прынцыпе, ёсць жаданне: нейкія адметныя рэчы, звязаныя з літаратурай і музыкай, я стараюся наведваць досыць рэгулярна".
Раіць схадзіць |
Не раіць |
||
Выставы (“Ноч музеяў”) |
Інтэрактыўная інсталяцыя на аснове працаў Хаіма Суціна |
17-18 траўня, ноч з суботы на нядзелю: Нацыянальны мастацкі музей РБ Час працы: 21:00 – 02:00 Даведкі: +375 (17) 327-71-63 |
|
Кіно (“Ноч музеяў”) |
“Ноч нямецкіх казак” |
17-18 траўня, ноч з суботы на нядзелю: Дом-музей 1-га з'езду РСДРП Час працы: з 19:00 Даведкі: 290 68 47 |
|
Канцэрты(“Ноч музеяў”) |
Clover Club |
17-18 траўня, ноч з суботы на нядзелю: Плошча Свабоды, 15 Пачатак: 21:00 Уваход вольны |
|
“Джазавыя суботы з банкам БелВЭБ” |
17 траўня, субота: Пляцоўка ля Палаца спорту Пачатак: 20:00 Уваход вольны |
||
Blackmail |
18 траўня, нядзеля: “Таранціна” Пачатак: 19:00 Даведкі: (vel., МТС) 377-80-00 |
Гэтым разам выхадныя Уладзь правядзе ў Вільні ― едзе на паэтычны беларуска-шведскі фестываль. Праўда, паэт крыху шкадуе, што паездка супала з насычанымі выхаднымі ў Мінску.
Першае, на што звяртае ўвагу Лянкевіч у сталічнай афішы, ― акцыя "Ноч музеяў", якая пачнецца ўвечары 17 траўня і працягнецца ўсю ноч. Уладзь наракае на адсутнасць талковага гіда па "ночы" і на хаос, які звычайна здараецца падчас "музейных" мерапрыемстваў.
"Чыста выпадкова, напрыклад, убачыў, што на "Ноч музеяў" дзесьці на плошчы Свабоды выступае гурт Clover Club. Дзе, што, ад чаго? Невядома. То бок, "Ноч музеяў" ― такое дзіўнае мерапрыемства, заўсёды стараешся некуды патрапіць, але незразумела, як разблытаць гэтыя клубкі ў афішы", ― скардзіцца музыка.
Тым не менш, Уладзь раіць вандроўнікам па "ночы" падацца ў Нацыянальны мастацкі музей. З 21-й да 2-й ночы там будзе можна паглядзець інтэрактыўную інсталяцыю на аснове прац мастака Хаіма Суціна:
"Там будзе знаёмства з творчасцю Хаіма Суціна, беларуска-габрэйскага мастака-экспрэсіяніста, трохі занядбанага ў нас тут на Радзіме, але пры гэтым паплечніка Мадзільяні і мастакоў парыжскай школы. Думаю,будзе цікава".
Незвычайна правесці "Ноч музеяў", на думку Уладзя, можна, завітаўшы ў Дом-музей 1-га з'езду РСДРП.
"Мерапрыемства называецца "Ноч нямецкіх казак". Будуць паказваць ГДР-аўскія экранізацыі нямецкіх казак 50-70 гадоў на мове арыгінала і ў дубляжы на расійскую мову. Хочаш выпендрыцца і расказаць сябрам, дзе правёў выхадныя ― ідзі ў Дом-музей РСДРП ― гэта сапраўды вінтажна і забаўна", ― смяецца музыка.
Апроч "Ночы музеяў" увагу Лянкевіча прыцягваюць "Джазавыя суботы з банкам БелВэб":
"Між іншага, там будзе выступаць трыа Канстанціна Гарачага ― гэта наш легендарны музыка. З задавальненнем наведаў бы, мне такія рэчы даспадобы".
У нядзелю 18 траўня ў клубе "Таранціна" адбудзецца канцэрт гурта Blackmail. Уладзь лічыць, што там цікава будзе прабавіць вечарок, маўляў, музыкі прэзентуюць новы альбом, і варта паслухаць, "як яны там, растуць-не растуць, развіваюцца-не развіваюцца".
"Не ведаеш, куды пайсці? Заблытаўся ў афішы? Ідзе чэмпіянат свету па хакеі. Набывай квіток на любы матч і ідзі. Тым больш, здаецца, там нават Беларусь з Германіяй у суботу гуляюць", ― рэзюмуе Лянкевіч.
Галоўнае фота з budzma.org