Дзень нараджэння Ўсходняга Партнёрства: гадуецца, але павольна
Ініцыятыве Еўрасаюза споўніўся год. У Еўракамісіі мяркуюць, што Ўсходняе партнёрства развіваецца згодна з планамі, а ў Беларусі наракаюць на яго маруднасць.
Прэс-сакратар Прадстаўніцтва Еўрасаюза ва Ўкраіне і Беларусі Давід Стулік кажа, што ініцыятыва развіваецца паводле запланаванага графіку.
Давід Стулік: "З практычнага гледзішча, пэўныя вынікі Ўсходняга Партнёрства ужо ёсць. Маюцца першыя праграмы, планы працы, і фінансаванне пачнецца рэалізоўвацца ўжо сёлета. Пачалі паўнамаштабна працаваць 4 тэматычныя платформы, якія вызначылі накірункі працы. Прайшлі першыя сустрэчы працоўных груп па флагманскіх ініцыятывах, што складаюцца з экспертаў Еўрасаюза і краін Усходняга Партнёрства".
Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных заявіў Еўрарадыё, што Беларусь па-ранейшаму пазітыўна ацэньвае Ўсходняе Партнёрства. Але наракаў на марудны старт ініцыятывы.
Андрэй Савіных: "Намі актыўна рыхтуюцца праектныя прапановы, але з боку Еўрасаюза сур'ёзная распрацоўка яшчэ не пачалася. Пакуль усё абмяжоўваецца агульнымі па змесце флагманскімі ініцыятывамі самой Еўрапейскай Камісіі... Усё гэта тармозіць пачатак працы".
Парламенцкае вымярэнне Ўсходняга Партнёрства ўвогуле забуксавала. Устаноўчы з'езд Еўранэста, Парламенцкай Асамблеі Ўсходняга Партнёрства, па сёння не стартавала. З запланаванага сакавіка ён пераносіцца на няпэўны тэрмін.
"Спадзяюся, што вельмі хутка я змагу абвясціць новую дату, якая больш не будзе пераносіцца", ― старшыня Дэлегацыі Еўрапарламента ў Еўранэсце Крысціян Вігенін разлічвае, што ўстаноўчы з'езд адбудзецца яшчэ сёлета, але не ўпэўнены і ў гэтым. Справа ў тым, што Еўрасаюз не прызнае мінулыя парламенцкія выбары ў Беларусі і не кантактуе з беларускімі дэпутатамі.
Еўрапарламентарыі прапанавалі замест 10 дэпутатаў ад Беларусі ўключыць у Асамблею ў якасці назіральнікаў 10 прадстаўнікоў апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Але з гэтым не пагадзіліся спікеры парламентаў краін Усходняга партнёрства.
"Я лічу, што вынікі Ўсходняга Партнёрства трэба мераць па зменах унутры краіны. І пакуль, на жаль, гэтых зменаў няма. Таму сказаць, што ёсць значныя вынікі Ўсходняга Партнёрства, таксама нельга", ― мяркуе Сяргей Мацкевіч, які быў абраны спікерам іншага важнага органа Ўсходняга Партнёрства – Форума грамадзянскай супольнасці. У яго ўваходзяць прадстаўнікі недзяржаўных арганізацый усходнееўрапейскіх краін.
Сяргей Мацкевіч кажа, што недзяржаўныя арганізацыі Беларусі, аб'яднаныя еўрапейскім вектарам развіцця, пачалі актыўна супрацоўнічаць паміж сабой. Але беларускія ўлады на кантакт не ідуць, і нават перашкаджаюць гэтаму працэсу на еўрапейскай арэне.
Сяргей Мацкевіч: "Улады не гатовыя ісці на камунікацыю з грамадзянскай супольнасцю. Напрыклад, на сустрэчы першай платформы Ўсходнага Партнёрства ў красавіку беларуская дэлегацыя была адзінай, што негатыўна паставілася да ўдзельнікаў грамадзянскай супольнасці. Яны падрыхтавалі спецыяльны ліст, у якім заявілі, што не бачаць ніякая карысці ад удзелу недзяржаўных арганізацый".
Сяргей Мацкевіч з жалем адзначае, што недзяржаўныя арганізацыі пакуль не маюць дакладнага зместу міждзяржаўных праектаў, ды зацвярджаюцца яны на ўрадавым узроўні.
Тым часам Давід Стулік з Прадстаўніцтва Еўрасаюза ўпэўнены, што адзін год – невялікі тэрмін для падобнай ініцыятывы, і ўсё яшчэ наперадзе.
Давід Стулік: "Першы год – гэта толькі самы пачатак. Вось, для параўнання, бюджэтная перспектыва Еўрасаюза прымаецца на сем год. Таму першы год – гэта сапраўды толькі самы пачатак".
Нагадаем, Усходняе Партнёрства – ініцыятыва Еўрасаюза скіраваная на больш цеснае супрацоўніцтва з шасцю пост-савецкімі краінамі: Беларуссю, Азербайджанам, Арменіяй, Грузіяй, Малдовай і Ўкраінай. Еўрасаюз прапануе дапамогу ў дэмакратычных рэформах, развіццё эканамічнай інтэграцыі і энергетычнай бяспекі, развіццё навуковых і культурных абменаў.