Дзевятоўскі — пра відэа трэнеркі пра беларускую мову: Гэта проста жахліва!
Старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі пракаментаваў скандал, які выбухнуў у Клімавічах. Інструктар-метадыст мясцовай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, жыхарка аграгарадка Ціманава Іна Кардабнёва запісала абразлівае відэа пра беларускую мову. Яна абураецца, што яе сын у школе вымушаны яе вучыць і "не запамінае... дэбільных словаў". На відэа ўжо адрэагаваў Клімавіцкі райвыканкам, які выклікаў дырэктара школы. З трэнеркай правядуць тлумачальную працу, але звальняць не будуць — яна хутка ідзе ў дэкрэтны адпачынак, паведамляе nn.by.
У каментары by.tribuna.com Дзевятоўскі кажа, што "нельга дзіця і грамадства настройваць, што дзяржава праз школы прымушае вывучаць нашу мову". Ён упэўнены, што ў грамадстве выказванні трэнеркі не знойдуць падтрымкі.
"Гэта проста жахліва! — гаворыць старшыня федэрацыі, у мінулым вядомы беларускі спартсмен. — Мы, вядома, за свабоду думкі... але ў дадзеным выпадку ідзе, лічу, абраза нацыянальнага сімвала [гаворка пра пажаданне Іны Кардабнёвай, каб беларускай мова "гарэла сінім полымем"]. Што значыць гарэць полымем? Гэта няправільна, гэта ўжо нейкае распальванне нянавісці".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.