Дзіцячы канал Nickeleodion знік з экрана
Мяркуецца, што замежныя мультфільмы, якія транслюе Nickeleodeon, дрэнна паўплываюць на дзіцячую псіхіку. Для
вырашэння праблемы ўжо прызначана адмысловая экспертыза, якая вырашыць лёс
канала праз паўтара месяцы. Будуць правярацца таксама і іншыя дзіцячыя каналы,
якія транслююцца па нашай краіне.
ДАВЕДКА
ЕЎРАРАДЫЁ
Nickeleodion — амерыканскі дзіцячы забаўляльны канал, які займае першае месца па
колькасці гледачоў у ЗША. Транслюецца ў
169 краінах свету. Самыя вядомыя мультфільмы: Спанч Боб, Сімпсаны, Вясёлыя
бабры.
Кампанія Космас TV правела ў снежні 2006 года апытанне сярод сваіх абанентаў. Па іх выніках
канал Nickeleodion мае рэйтынг 1,91, а, напрыклад, Першы нацыянальны тэлеканал — 1,89, Cartoon Network, які зараз ідзе
замест забароненага канала, — 1,71.
Але нягледзячы на адносна высокі
рэйтынг, 99% бацькоў палічылі, што гэты дзіцячы
канал замбуе дзяцей. Пракаментаваць сітуацыю мы папрасілі генеральнага
дырэктара кампаніі КосмасTV Віктара Кірылава. Ён лічыць, што калі б галасавалі дзеці,
то сітуацыя з рэйтынгам змянілася б на карані:
Кірылаў: “На мой погляд, рашэнне няправільнае. У
мінулым годзе мы правялі даследванне Nickeleodion і
атрымалі нізкі рэйтынг па колькасным карыстанні. Анкету запаўнялі людзі
старэйшага ўзросту, і, натуральна, яны гэтыя каналы не глядзяць.
Але ж мы
нічога не ведаем наконт таго, каму аддаюць перавагу самі дзеці. Спасылацца на
гэтыя вынікі галасавання як на нагоду для закрыцця канала не зусім правільна.
Растлумачу — чаму.
Глядзяць яго нашмат больш людзей, чым канал Cartoon Network, не гледзячы
на тое, што Nickeleodion моцна палярызуе погляды на яго. Зараз з
гэтым каналам склалася сітуацыя, не зусім для нашай кампаніі зразумелая”.
Еўрарадыё
паспрабавала разабрацца, ці сапраўды канал Nickeleodion замбуе малады дзіцячы розум. Гаворыць практыкуючы
псіхолаг Святлана Бунас:
Бунас: "Справа ў тым, што ў дзіцяці з чатырох
гадоў зрокавае ўспрыняцце становіцца асноўным. Канал насамрэч не падабаецца
бацькам. Калі мы глядзім яго разам з бацькамі, пасля дзеці не здольныя
пераказаць сюжэт. Ідзе нейкае нявызначанае мільгаценне.
Але я выказваю погляд
бацькоў. Не задавальняе голас, які агучваюць мультфільмы: ён проста не вельмі
выразны і непрыемны для ўспрымання. Рэакцыя дзяцей: яны сядзяць і глядзяць.
Нават мама адна сказала: “Няўцямна глядзяць”.
Мы зацікаўленыя ў тым, каб дзеці
абавязкова нейкім чынам пераказвалі, разумелі сэнс пабачаннага. Сапраўды,
вельмі цяжка ўцяміць асноўную думку гэтых мультфільмаў.
Там насамрэч няма
пэўнага сюжэту, пераскокванне з аднаго на другое, — гэта я кажу са словаў адной
мамы. Аля яна агучыла погляд многіх бацькоў”.
Урэшце мы
вырашылі даведацца погляд саміх дзяцей, на якіх у першую чаргу і разлічаны
канал Nickeleodion. Ці сапраўды яны не здольныя пераказаць
тое, што пабачылі?
Вось што распавяла нам звычайная беларуская дзяўчынка Даша, якой толькі нядаўна споўнілася 9
гадоў:
Даша: “Мне падабаецца мульцік “Спанч Боб”. Галоўны герой — гэта губка. У яго
ёсць сябр Патрык — марская зорка. У іх таксама ёсць сяброўка вавёрка — Сэндзі.
Спанч Боб і вавёрка драліся па каратэ, а містар Крабс (краб, які валодае
кавярняй), не дазваляў ім.
Яны разам працуюць у кавярні. Потым вавёрка з губкай
пайшлі на пікнік, а містар Крабс яшчэ забароніць ім на рыбалоўных кручках
катацца.
Потым ён зразумеў, што яны здольныя выкарыстаць свае здольнасці на
працы і загадаў ім проста рэзаць каўбасу з дапамогай каратэ. Я хачу, каб гэтыя
мульцікі працягвалі паказваць, таму што яны вельмі цікавыя і забаўныя”.
Дзіўна, канечне,
але ж Даша лёгка здолела пераказаць свой любімы мультфільм. Ніякага ж зомбі і
побач не было. На жаль, Даша не ўвайшла ў склад адмысловай камісіі. Туды
запрасілі толькі спецыялістаў Міністэрства адукацыі і настаўнікаў.
Вядома, што ніякіх спецыяльных апытанняў асноўных спажыўцоў канала Nickelodeon — дзяцей праводзіцца не будзе. Як заўсёды, старэйшыя будуць вырашаць за малодшых.
Фота — revcom.us