Дзіма Ску выпусціць альбом на музычных паштоўках
Пласцінка “Сделать за месяц 10 песен”, якая цягнецца 13 хвілін, цалкам адпавядае “паштовачнаму” фармату.
Альбом “Сделать за месяц 10 песен” Дзімы Ску і праекта “Чтобы-Чтобы” выйдзе ў фармаце музычнай паштоўкі.
“Выдаваць свой альбом у выглядзе паштоўкі — гэта вельмі проста, танна і весела, — пералічвае Еўрарадыё бонусы паштоўкі Дзіма Ску. — Гэта даспадобы ўсім людзям і музыкам. Вельмі лёгка напісаць адрас свайго сябра, наляпіць марку, напісаць добрыя словы і адправіць паштоўку. І ў выніку сябра атрымае твой альбом, што вельмі прыемна. Натуральна, што дыскі слухае мала людзей. Але паштоўка — гэта ў любым выпадку лепш, чым МР3-файл”.
Музычная паштоўка для Дзімы — справа не новая. Першую пласцінку праекту “Чтобы-Чтобы” “Всегда Лето” таксама можна паслухаць, адкрыўшы паштоўку. Да таго ж, ідэяй музычных паштовак Дзіма Ску паступова заражае іншых беларускіх музыкаў. Напрыклад, апошняя пласцінка гурта Naka “Довольна” таксама мае свой “паштовачны” варыянт.
Дарэчы, пасля рэцэнзіі Еўрарадыё на “Сделать за месяц 10 песен”, Дзіма прасякся творчасцю расійскага барда Алега Лёгкага і цяпер таксама піша кароценькія песні пра жывёл. У будучыні баранавіцкі дызайнер і музыка плануе сабраць іх у альбом. А ў плане афармлення пайсці далей — намаляваць паштоўку да кожнай песні з пласцінкі. Праўда, смяецца Дзіма, ідэя гэтая не новая — у сваім апошнім альбоме яе выкарыстала “Серебряная свадьба”:
“Мне цяжка сказаць, што гэта я ўсё прыдумаў, што я — Леанарда да Вінчы. Я гэтую ідэю скраў, як мастак, і перапрацаваў. Не магу сказаць дакладна, дзе. Але ў сучасным свеце нельга ўвогуле гаварыць пра тое, што “гэта мая ідэя і ўсё. І ніхто не мае права яе выкарыстоўваць”. Усе маюць”.
Альбомы-паштоўкі Дзімы Ску і кампаніі можна набыць на канцэртах ці атрымаць па пошце, папярэдне даслаўшы Дзіму замовы і свой хатні адрас.