Дзмітрый Ус: "Мы абыдзем кожную кватэру і адкрыем людзям вочы"

Еўрарадыё паразмаўляла з прэтэндэнтам у прэзідэнты Дзмітрыем Усам. Раней ён балатаваўся на парламенцкіх і мясцовых выбарах. 24 верасня Дзімтрый Ус зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу, у якой больш за 1300 чалавек.

Дзмітрый Ус: "Мая галоўная мэта – адкрыць людзям вочы, што іх проста выкарыстоўваюць у сваёй стытыстыцы, што насамрэч яны не выбіраюць. Я ўдзельнічаў у красавіцкіх мясцовых выбарах, і ўпэўнены, як і шмат хто з жыхароў раёна, што іх вынікі сфальсіфікавалі. З тым, каб абараніць правы падманутых людзей, я вырашыў сур'ёзна заявіць, што так рабіць нельга! І гатовы гэта даказаць!"

Дзмітрый Ус – дырэктар выдавецтва "Трывіюм". Еўрарадыё сачыла за яго кампаніяй на мясцовых выбарах 2010 года. Тады за вылучэнне яго кандыдатуры па адной з акругаў у мінскай Курасоўшчыне падпісаліся каля 5000 чалавек пры патрэбных 150.

Дзмітрый Ус быў дэпутатам Мінскага гарадского савета ў 1999 – 2003 гг.  У 2003 і 2007 яго не зарэгістравалі. А ў 2010 годзе Дзмітрый Ус афіцыйна набраў каля 33% галасоў, на 8% меней за старшыню прафсаюзнай суполькі завода "Інтэграл".

Тады сотні абураных жыхароў падпісаліся пад патрабаваннем да Цэнтральнай выбарчай камісіі зрабіць пералік галасоў. Пісалі і прэзідэнту.

Дзмітрый Ус: "У выбарчых пратаколах за мяне значылася ў два разы меней галасоў, чым колькасць людзей, якая выступіла за пералік. Скажам, на адным з выбарчых участкаў афіцыйна за мяне прагаласавалі 300 з нечым чалавек. А толькі больш за 500 падпісаліся за правядзення пераліку! І такая сітуацыя на кожным участку. Трэба запатрабаваць ва  ўладаў, каб выбары былі дэмакратычныя!"

Пакуль Дзмітрый Ус не гаворыць пра сваю праграму і не называе прэтэндэнта, якога лічыць сваім асноўным супернікам:

Дзмітрый Ус: "Як пройдзе перыяд збору подпсіаў, то будзе бачны рэальны расклад сілаў, а не галаслоўны. Мы будзем працаваць па ўсёй краіне. У Мінску задача – абысці кожную кватэру. Паралельна будзем пытаць у кожнай сям'і, каго яны падтрымліваюць. Тады будзе прыблізна вядома, які кандыдат карыстаецца папулярнасцю. А галаслоўна казаць – гэта папулізм".

Дарэчы, у апошні дзень рэгістрацыі ініцыятыўных груп Дзімтрыю Усу прыйшла позва з'явіцца ў пракуратуру і прынесці дакументы, звязаныя з дзейнасцю фірмы. Дагэтуль такія позвы не прыходзілі.

Глядзі таксама:

Тысяча жыхароў Курасоўшчыны патрабуе пераліку галасоў

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі