Дзяржава бярэ пад кантроль цэны на соль, пярлоўку, тушаніну, часнок
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю пашырае спіс сацыяльна значных тавараў, на якія ўводзіцца дзяржаўнае рэгуляванне цэн. Пра гэта гаворыцца ў пастанове ведамства ад 1 чэрвеня 2021 года №40 "Аб рэгуляванні коштаў на сацыяльна значныя тавары".
У МАРГ гэта тлумачаць ростам сусветных цэн на прадукты харчавання.
Пад дзяржаўны канроль возьмуць цэны на пярловыя крупы, мясныя субпрадукты, паўвэнджаную каўбасу, варана-вэнджаную, свіную і ялавічную тушаніну, жывую і марожаную рыбу (філе і разабраную), маргарын, часнок, перац салодкі, распушчальную каву, гарбату і нават павараную соль.
Таксама імпарцёрам забароняць надбаўкі больш за 25% на наступныя тавары: сыр, пшанічная мука, сухія макаронныя вырабы, кансервы з рыбы, рыс, крупы манныя, крупы прасяныя, шматкі аўсяныя, бульба і свежая гародніна (буракі, морква, белакачанная капуста, рэпчатая цыбуля, гуркі, памідоры), яблыкі.
Цікава, што яшчэ 18 траўня прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка казаў, быццам цэны на тавару з сацыяльна значнага спісу плануюць "размарозіць". Аднак усяго праз тры тыдні гэты спіс толькі папоўніўся.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.