Дзяржава кампенсуе банкам страты ад выдачы крэдытаў “Гарызонту”
Урад кампенсуе беларускім банкам у 2017-2018 гадах страты ад выдачы экспартных крэдытаў. Такое рашэнне змешчанае ў пастанове Саўміна ад 30 лістапада 2016 года № 981, паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу ўраду.
Страты будуць кампенсаваныя ў межах сродкаў, прадугледжаных на гэтыя мэты ў рэспубліканскім бюджэце на гэтыя гады, пры ўмове страхавання экпартных рызыкаў з падтрымкай дзяржавы.
Кампенсацыю атрымае “Белаграпрамбанк”, які выдаў экспартны крэдыт у 3,5 мільёна долараў Брэсцкаму электралямпаваму заводу. Таксама страты кампенсуюць “Белзнешэканомбанку” — ён выдаваў крэдыт заводу “Гарызонт” на суму 1,4 мільёна долараў.
Апроч таго, кампенсацыю выдадуць “Белінвестбанку” — ён выдаваў “Гарызонту” два экспартныя крэдыты на 2,3 мільёна і 2,5 мільёна долараў.