Дзяржсакратар ЗША адклаў візіт у Беларусь
Дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа не наведае Мінск 4 студзеня, як было запланавана раней. Амерыканскі чыноўнік увогуле адклаў сваё турнэ ў Еўропу і Цэнтральную Азію. Гэта звязана з нападам на амерыканскую амбасаду ў Іраку, гаворыцца ў паведамленні Дзярждэпартамента.
"У сувязі з сітуацыяй з амбасадай ЗША ў Іраку дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампеа ў бліжэйшы час вымушаны знаходзіцца ў Вашынгтоне. У гэтай сувязі рэалізацыя шэрагу мерапрыемстваў, у тым ліку запланаваны на 4 студзеня візіт у Беларусь, пераносіцца на іншыя тэрміны", — паведаміў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз у каментары парталу TUT.by.
Дата, на якую перанесены візіт, не называецца — ідзе ўзгадненне паміж дыпламатычнымі ведамствамі Беларусі і ЗША. Як паведамлялася раней, у Пампеа былі запланаваныя сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем.
Акрамя Беларусі, Пампеа меркаваў наведаць Украіну, Казахстан, Узбекістан і Кіпр.
Адкласці візіт Пампеа быў вымушаны праз падзеі ў Іраку. 31 снежня у Багдадзе прайшлі акцыі пратэсту супраць атакі ЗША па аб'ектах шыіцкай групоўкі "Катаіб Хезбала" ў памежным з Сірыяй горадзе Эль-Каім. Паводле звестак шыіцкага апалчэння, ад амерыканскага авіяўдару па базе загінулі не менш за 25 чалавек, яшчэ 55 атрымалі раненні.
Пратэстоўцы спрабавалі штурмаваць амерыканскую амбасаду ў Іраку: падпалілі браму і сцягі ЗША, закідалі будынак дыпмісіі камянямі. Пры сутычках дэманстрантаў з паліцыянтамі пацярпелі больш за 20 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.