ДзяржСМІ заявілі, што кіраўнік СААЗ назваў каранцін бескарысным. Гэта не так
Генеральны дырэктар СААЗ Тэдрас Адхан Гебрэесус на брыфінгу 25 сакавіка / АТН
25 сакавіка генеральны дырэктар СААЗ Тэдрас Адхан Гебрэесус правёў прэс-брыфінг па каранавірусе. На наступны дзень беларускія дзяржаўныя СМІ апублікавалі па яго выніках некалькі навін. Вось толькі нешта ў іх пайшло не так.
На сайце Белтэлерадыёкампаніі з'явілася навіна пад загалоўкам: "СААЗ лічыць каранцін неэфектыўным у барацьбе з COVID-19". Сюжэт з такім зместам пайшоў у эфір. Сайт газеты Адміністрацыі прэзідэнта "СБ. Беларусь сегодня" напісаў так: "СААЗ прызнала самаізаляцыю бескарыснай для барацьбы з каранавірусам". Іншыя дзяржСМІ таксама папрактыкаваліся ў "неэфектыўнасці" і "бескарыснасці".
Папраўдзе кіраўнік СААЗ не казаў, што самаізаляцыя і каранцін бескарысныя і неэфектыўныя. Сэнс яго выступу зводзіўся да таго, што самі па сабе гэтыя меры эпідэмію не пагасяць. Адчуваеце розніцу?
На сайце Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ёсць поўная расшыфроўка прамовы Тэдраса Гебрэесуса:
"Каб запаволіць распаўсюджванне COVID-19, многія краіны пайшлі на беспрэцэдэнтныя меры, звязаныя са значнымі сацыяльнымі і эканамічнымі выдаткамі, закрыўшы школы і прадпрыемствы, адмяніўшы спартыўныя мерапрыемствы і заклікаўшы насельніцтва заставацца дома і клапаціцца пра сваю бяспеку.
Заклікі да насельніцтва заставацца дома і абмежаванні на перамяшчэнне людзей дазваляюць выйграць час і знізіць нагрузку на сістэмы аховы здароўя.
Але самі па сабе гэтыя меры не пагасяць эпідэмію.
Мэта такіх мер — стварыць магчымасці для прыняцця больш дакладных і адрасных мер, неабходных для спынення перадачы інфекцыі і выратавання жыццяў.
Мы заклікаем усе краіны, якія ўсталявалі так званы рэжым "лакдаўна", скарыстацца гэтым часам для мэтанакіраванага наступу на вірус. Дзякуючы вам адкрылася другое акно магчымасцяў. Пытанне заключаецца ў тым, як вы ім распарадзіцеся?”
Дзеля справядлівасці адзначым, што, даўшы загалоўкі пра бескарыснасць і неэфектыўнасць каранціну і самаізаляцыі, у тэксце навін цытавалі кіраўніка СААЗ дакладна. Вось, напрыклад, АНТ: "На думку СААЗ, самаізаляцыя — гэта ў першую чаргу спосаб знізіць нагрузку на сістэмы аховы здароўя" — ужо практычна словы з прамовы Тэдраса Гебрэесуса. А вось СБ: "Такія меры, па словах эксперта, дазваляюць выйграць час, але недастатковыя для выратавання жыццяў". Таксама блізка да першакрыніцы.
Але на сайце БТ вырашылі ісці да канца і ў тэксце пішуць: "Генеральны дырэктар Сусветнай арганізацыі аховы здароўя прызнаў каранцін неэфектыўным у барацьбе з каранавірусам". Напэўна, яны слухалі іншае выступленне Тэдраса Гебрэесуса.
У Беларусі, у адрозненне ад суседніх краін, не ўведзены каранцін. Без абмежаванняў працуюць грамадскі транспарт, школы, універсітэты, рэстараны і іншыя ўстановы. Медыкі заклікаюць людзей па магчымасці заставацца дома. Аляксандр Лукашэнка просіць "не разносіць заразу" тых беларусаў, якія ўжо адчуваюць сябе хворымі. Але пры гэтым на вясновых канікулах у школах будуць працаваць дзіцячыя лагеры, а велікодныя мерапрыемствы, як і святкаванне 75-годдзя Перамогі, плануецца правесці ў поўным аб'ёме.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.