Дзясяткі прадпрыемстваў з Беларусі змогуць пастаўляць ялавічыну ў КНР
Больш за два дзясяткі прадпрыемстваў з Беларусі змогуць пастаўляць ялавічыну ў Кітай. Пра гэта стала вядома пасля беларуска-кітайскіх перамоваў, якія прайшлі ў Мінску. У іх удзельнічалі міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц і міністр галоўнага дзяржаўнага ўпраўлення па кантролю якасці, інспекцыі і каранціне КНР Чжы Шупін.
Па словах намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання нашай краіны Аляксандра Субоціна, сертыфікаты на пастаўкі малака атрымалі 36 беларускіх прадпрыемстваў (з кітайскімі кампаніямі заключылі кантракты на экспарт малочных прадуктаў на суму звыш 13 млн долараў). “Па пастаўках мяса ялавічыны на кітайскі рынак сёння завершыцца працэс атэстацыі 21 прадпрыемства, па птушцы сёння таксама павінна завяршыцца атэстацыя нашых пяці прадпрыемстваў”, — цытуе словы Субоціна БЕЛТА. Магчыма, што ўжо ў бліжэйшыя тыдні беларуская прадукцыя пойдзе на кітайскі рынак. Газета “СБ. Беларусь сегодня” адзначае, што наступным крокам па развіцці супрацоўніцтва стане сертыфікацыя арганізацый на пастаўкі рачной рыбы.
За пяць месяцаў 2017 года экспарт беларускай сельгаспрадукцыі склаў 1 млрд 938 млн долараў. Ён павялічыўся на 28% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.