“Эгіда”: Пасля Новага года ў Мінску былі дзясяткі згубленых сабак
Пасля навагодніх святаў інтэрнэт-рэсурсы стракацяць аб’явамі аб зніклых жывёлах. Частая прычына страты — гадаванец зрываецца з павадка, спужаўшыся выбухаў петард і феерверкаў.
“Выйшлі з пад’езда, а тут петарда. І ўсё, ён збег, — дзеліцца сваёй гісторыяй гаспадыня ёркшырскага тэр’ера Юлія. — Да чатырох раніцы мы хадзілі па падвалах, Новага года не было. Раніцай падняліся, напісалі аб’явы на кожны слуп усяго раёна, а таксама ва ўсе форумы ў сацсетках. Праз гэтыя форумы мы яго і знайшлі”.
Юлія лічыць тэматычныя форумы і суполкі ў сацсетках вельмі эфектыўнымі ў пошуках збеглых жывёл. Яны ж дапамаглі знайсці і зніклага сабаку Іллі. Дзядуля хлопца выгульваў Тобіка ў навагоднюю ноч, раздаліся выбухі петард, і сабака знік. Яго шукалі каля тыдня — расклейвалі і публікавалі ў інтэрнэце аб’явы, апытвалі людзей, звярталіся ў сабачы гадавальнік.
Ілля: “Выявілася, што сабака быў недзе кіламетры за тры ад дома. Прычым не там, дзе мы шукалі, а зусім у іншым кірунку. Жанчына пашкадавала сабачку, узяла яго да сябе. Набрала нам, мы пад’ехалі забралі яго”.
Старшыня таварыства абароны жывёл “Эгіда” Вераніка Ханцэвіч распавядае, што праблема знікнення хатніх жывёл падчас святаў, калі ўсюды выбухаюць петарды, вельмі актуальная.
Вераніка Ханцэвіч: “Гэта штогадовая праблема. Пускаюць салюты, петарды. Але ёсць катэгорыя жывёл, якія страшэнна баяцца ўсіх гэтых выбухаў. І першага студзеня, калі я прачнулася і зайшла на дошку аб’яваў нашага сайта, усё было як заўсёды. Гэта, напэўна, былі дзясяткі згубленых жывёл. У асноўным, натуральна, сабакі, і сабакі дробных парод альбо дробныя дварнякі. Але іх было насамрэч вельмі шмат”.
Вераніка Ханцэвіч дадае, што калі жывёлы маюць адраснік ці кантактны тэлефон на ашыйніку, недзе ў 90% выпадкаў яны вяртаюцца да гаспадароў. Больш складана знайсці гадаванца, калі ён выкручваецца з ашыйніка.