Экс-кіраўнік антыкрымінальнага агенцтва Славакіі хаваўся ў Беларусі
Браніслаў Зур'ян
У Беларусі ад магчымага крымінальнага пераследу хаваўся Браніслаў Зур'ян — новы кіраўнік упраўлення інспекцыйнай службы Славакіі.
Раней Зур'ян узначальваў Нацыянальнае антыкрымінальнае агенцтва (NAKA). Пра ўцёкі ў Беларусь ён расказаў камітэту парламента Славакіі па абароне і бяспецы, калі разглядалі ягоную кандыдатуру, піша выданне Novinky.cz.
Зур'ян паведаміў, што зняў кватэру недалёка ад мяжы з Польшчай і аплочваў яе з уласных сродкаў. Ён паведаміў, што яго апыталі беларускія міліцыянты, якія цікавіліся мэтай ягонага прыезду. "Я расказаў, якое беззаконне адбываецца ў Славакіі", — дадаў чыноўнік.
У 2020 годзе ў карупцыі быў абвінавачаны экс-кіраўнік паліцыі Славакіі Мілан Лучанскі, адзначае Reform.by. Яго змясцілі пад варту, а пазней знайшлі павешаным у камеры. У лістападзе 2022-га пракуратура прыйшла да высновы, што гэта было самагубства. Зур'ян заявіў у парламенце Славакіі, што лічыць смерць Лучанскага забойствам і што ўцёк за мяжу пасля пагрозаў.
Браніслаў Зур'ян кіраваў NAKA з 2019-га па травень 2021 года. Яго вінавацілі ў перавышэнні паўнамоцтваў і разгалошванні сакрэтных звестак. Абвінавачванні з яго знялі ў чэрвені 2021 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.