Экс-намесніка кіраўніка "Белнафтахіма" асудзілі на 8 гадоў (відэа)
Суд Маскоўскага раёна Мінска прысудзіў Уладзіміру Волкаву 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Суд прызнаў яго вінаватым у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры, перадае interfax.by. Таксама суддзя паведаміла, што Волкаву прызначаная канфіскацыя маёмасці, ён пазбаўлены права на працягу пяці гадоў займаць пасады, звязаныя з адміністрацыйна-распарадчымі функцыямі.
Таксама суд пастанавіў задаволіць грамадзянскі пазоў пракурора ў памеры 18 тысяч долараў на карысць дзяржавы.
У адпаведнасці з прысудам, дзяржаве пераходзіць арыштаваная маёмасць былога топ-менеджара канцэрна "Белнафтахім" — дзве кватэры, гараж, швейцарскі гадзіннік, падарункавы набор для сервіроўкі стала, 87 тысяч долараў, 550 еўра, 8 тысяч расійскіх рублёў.
На працягу 10 дзён Волкаў мае права на абскарджанне прысуду.
Нагадаем, што ў канцэрне "Белнафтахім" Волкаў курыраваў нафтаперапрацоўчую прамысловасць, а таксама пытанні экспарту і імпарту нафтапрадуктаў.
Фота — freesmi.by