Экс-прэзідэнта Малдовы Ігара Дадона падазраюць у здрадзе радзіме
Экс-прэзідэнта Малдовы, ганаровага старшыню Партыі сацыялістаў Ігара Дадона падазраюць у здрадзе радзіме. У яго доме ў Кішынёве праходзяць ператрусы, паведамляе newsmaker.md.
У Генпракуратуры Малдовы кажуць, што расследуецца справа не толькі аб "здрадзе радзіме", але і аб "пасіўнай карупцыі", "незаконным узбагачэнні" і "фінансаванні палітычнай партыі злачыннай арганізацыяй". Ператрусы ў доме Дадона і ў іншых месцах праводзяць супрацоўнікі Антыкарупцыйнай пракуратуры, Нацыянальнага цэнтра барацьбы з карупцыяй і Службы інфармацыі і бяспекі.
Пазней стала вядома, што экс-прэзідэнт затрыманы на 72 гадзіны.
Ігару Дадону 47 гадоў. Ён быў прэзідэнтам Малдовы ў 2016-2020 гадах (з невялікімі перапынкамі, паколькі неаднаразова адхіляўся ад пасады Канстытуцыйным судом). Сябар Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Дадон у сваёй палітыцы арыентаваўся на Маскву. Дзейны прэзідэнт Мая Санду арыентуецца на Захад.
Ператрусы ў Ігара Дадона адбываюцца на фоне вайны ва Украіне і крызісу вакол Прыднястроўя, у якім знаходзяцца расійскія войскі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.