Эксперт: "Беларусі выгадная пазіцыя пасярэдніка ў расійска-турэцкім канфлікце"
Пра афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Стамбул 13 красавіка паведаміла агенцтва БелТА. У навіне гаворыцца, што "кіраўнік беларускай дзяржавы прыме ўдзел у саміце Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва, які пройдзе пад дэвізам "Адзінства і салідарнасць у імя справядлівасці і міру". Чакаецца, што падчас мерапрыемства Лукашэнка выступіць з прамовай. Праграмай рабочага візіту таксама прадугледжаны шэраг двухбаковых сустрэч і перамоваў з лідэрамі замежных краін.
Палітолаг Андрэй Казакевіч гаворыць, што ў такім нечаканым візіце няма нічога дзіўнага. Беларусь ужо некалькі гадоў праяўляе цікавасць да ісламскага свету.
"У прынцыпе, Беларусь, прынамсі ў апошнія гады, заўсёды імкнецца да развіцця супрацоўніцтва, да пошуку нейкіх новых фінансавых крыніц. Таму гэтую паездку Аляксандра Лукашэнкі я б разглядаў у гэтым рэчышчы", — гаворыць эксперт.
Казакевіч нагадвае пра шчыльныя кантакты афіцыйнага Мінска з краінамі Персідскага заліву, перамовы з прадстаўнікамі Ірана, зацікаўленасці ў пасярэдніцтве пры ўрэгуляванні азербайджана-армянскага канфлікту ў Нагорным Карабаху.
Але што падумаюць саюзнікі ў Крамлі? Адносіны паміж Масквой і Анкарой, мякка кажучы, крыху сапсаваліся. А кіраўнік Беларусі наўрад ці пазбегне сустрэчы з кіраўніцтвам Турцыі. На думку Казакевіча, Мінск і тут мае намер выступіць у якасці міратворца:
"Я думаю, што Беларусь можа прапаноўваць сябе ў якасці пасярэдніка. Не краіны, якая стане выкарыстоўваць напружанасць паміж Расіяй і Турцыяй для дадатковай сваёй гульні, а хутчэй у якасці пасярэдніка. Беларусі была б выгадная такая пазіцыя. Таму не думаю, што гэты візіт можа выклікаць насамрэч негатыўную рэакцыю Масквы", — мяркуе палітолаг.