Эксперт: Метр ільготнага жылля за 500 долараў — гэта рэальна
Дырэктар цэнтра нерухомасці “БелЦТН” Мікалай Прасталупаў падтрымаў прапановы Аляксандра Лукашэнкі па зніжэнні коштаў на льготнае жыллё.
Пра гэта эксперт выказаўся ў размове з Еўрарадыё.
Мікалай Прасталупаў: “Камерцыйнае жыллё абцяжаранае многімі стратамі. Многае жыллё пад знос ідзе, калі будоўля ў прыватным сектары. Яны мусяць адселеных людзей жыллём забяспечыць, напрыклад. У тых, хто будуе ільготнае жыллё, такіх праблемаў няма: яны не будуюць у прыватным сектары. У іх гаворка ідзе пра сабекошт і 10-15% прыбытку”.
Пры гэтым метр камерцыйнага жылля каштуе ў сярэднім 1,5 тысяч долараў, дадае эксперт.
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях жыллёвай гаспадаркі заявіў, што кошт на метр ільготнага жытла мусіць быць роўны сярэдняму заробку, а не каштаваць 1,5-2 тысячы долараў. А калі дамова на будаўніцтва зрываецца з-за забудоўшчыка, той мусіць заплаціць штраф дольшчыку, цытуе БЕЛТА словы кіраўніка краіны.
Нагадаем, што сярэдні заробак па Беларусі за красавік — каля 560 долараў.
Фота — vitbichi.by