Елісееў — пра закрыццё мяжы на выезд: справа не ў каранавірусе, а ў палітыцы
Дырэктар па даследаваннях цэнтра EAST эксперт iSANS Андрэй Елісееў пракаментаваў на сваёй старонцы ў Facebook рашэнне ўладаў Беларусі з 21 снежня закрыць наземныя межы на выезд для сваіх грамадзян. Ён лічыць, што справа не ў жаданні "прадухіліць распаўсюджванне COVID-19", а ў палітыцы.
"Усталяванне больш пільнага кантролю за перамяшчэннем грамадзян, асабліва асобных іх катэгорый, — піша Елісееў пра мэту ўладаў. — У тым ліку перашкода эвакуацыі вертыкальшчыкаў і сілавікоў, якія маглі б патэнцыйна адкалоцца, і членаў іх сем'яў".
На думку эксперта, "рэзкае скарачэнне міграцыйных патокаў дазволіць праводзіць больш педантычны персанальны кантроль на мяжы". Таксама ён бачыць спробу "перашкодзіць крымінальным працэсам у судах замежных дзяржаваў у рамках універсальнай юрыслыкцыі". У Беларусі не судзяць сілавікоў, якія ўжывалі гвалт супраць грамадзян, а вось у Літве адну справу расследуюць. І ўлады робяць перашкоды для выезду за мяжу пацярпелых і сведкаў.
Андрэй Елісееў таксама бачыць спробу ўзмацніць кантроль за эканамічнай дзейнасцю беларусаў. Магчыма, афіцыйны Мінск заклапочаны і ад'ездам за мяжу айцішнікаў, медыкаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.