Эксперт: Пры жаданні ядзерная зброя можа з’явіцца ў Беларусі ў любы момант
Але ізноў стаць ядзернай дзяржавай наша краіна ўсё адно не зможа: “ядзерны чамаданчык” застанецца ў Крамлі.
Беларусь збіраецца вярнуць сабе статус ядзернай дзяржавы. Нібыта, нават ужо запланавана аднаўленне былой вайсковай часткі №34171 “Белочка” ў пасёлку Ветрына, сцвярджае аўтар ліста, размешчанага на сайце http://ichkeria.info/.
“Прынятае рашэнне аб увядзенні ў строй раней расфармаваных дывізій БЧРК (Баявы чыгуначны ракетны комплекс. — заўв. Еўрарадыё), а таксама аб аднаўленні баявога дзяжурства 42 дывізіі ў горадзе Свабодны. Але самае галоўнае — аб аднаўленні ядзернага статусу Беларусі. Раскансервацыя і вывад на баявое дзяжурства Полацкай дывізіі (в/ч 34171 “Белочка” п.Ветрына). Апошняя сустрэча Пуціна і Лукашэнкі цалкам была прысвечаная пытанню аднаўлення ядзернага статусу Беларусі, раздзяленні камандавання і кантролю”, — піша ананімны аўтар у “аддзел лістоў” ІА"Ичкерия-инфо".
Кіраўнік прэс-службы Міністэрства абароны Беларусі Уладзімір Макараў называе гэта глупствам.
Уладзімір Макараў: “Уся гэта інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці, бо Беларусь дакладна выконвае ўсе дамоўленасці, якія ёсць — міжнародныя і гэтак далей. І ніякай дывізіі Полацкай не было і няма ва Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь”.
Тым не менш частка праўды ў прыведзеным лісце ёсць — Расія сапраўды мае намер адрадзіць Баявыя чыгуначныя ракетныя комплексы. Але гэта справа далёкай перспектывы, сцвярджае ваенны эксперт Аляксандр Алесін.
Аляксандр Алесін: “Яны далі загад на прапрацоўку тэхнічнага задання такога комплексу. Не зразумела, якая будзе ракета, якая ўстаноўка, які транспарцёр, якая інфраструктура”.
Да ўсяго, звяртае ўвагу эксперт, у Расіі зараз праблемы з фінансаваннем, і ў планах пераўзбраення арміі да 2020 года з’яўленне БЧРК не значыцца. Дый сэнсу ў размяшчэнні на нашай тэрыторыі менавіта такога комплексу ракет стратэгічнага прызначэння Алесін не бачыць.
Аляксандр Алесін: “Тут ён становіцца дасягальным для ўдару не толькі стратэгічнымі, але і тактычнай авіяцыяй, для крылатых ракет, якія базуюцца на караблях у Балтыйскім моры. Таму, з пункту гледжання стратэгічных выгад, нават у перспектыве наўрад ці ёсць неабходнасць знаходжання ў Беларусі гэтага комплексу, бо Беларусь вельмі блізка знаходзіцца да тэрыторыі NATO”.
Дый для таго, каб з дапамогай Расіі зрабіцца ядзернай дзяржавай, Беларусі няма неабходнасці чакаць адраджэння расійскіх БЧРК і аднаўляць сваю “Белочку” — вайсковую частку №34171.
Аляксандр Алесін: “Да прыкладу, расійскія комплексы “Іскандэр”, адлегласцю да 500 кіламетраў, якія знаходзяцца на аўтамабілях, могуць на часовых умовах заязджаць сюды. Да ўсяго, можа быць заключанае пагадненне аб стварэнні ў нас расійскай базы экстэрытарыяльнай. На якой будуць дзейнічаць законы РФ. І гэта не будзе паводле міжнароднага заканадаўства парушэннем міжнародных абавязальніцтваў Беларусі”.
Згодна са словамі эксперта, уся сістэма кіравання ядзернай зброяй, што нават на пачатку прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі знаходзілася ў Беларусі, размяшчалася ў Расіі — у “ядзерным чамаданчыку” расійскага прэзідэнта і сістэме “Перыметр”, пункты кіравання якой — таксама ў нашай усходняй суседцы.
Аўтар ліста сцвярджае: “Тэарэтычна, у Беларусі ёсць спецы, здольныя пасля раскансервацыі сістэм вывесці іх з-пад кантролю цэнтральнага пульта кіравання і ажыццявіць старт, як кажуць, “ад запалкі”, без прымянення спецыяльных кодаў пуску і ўзвядзення зараду”.
Суразмоўца Еўрарадыё ў такую магчымасць не верыць і называе інфармацыю пра планы “вяртання Беларусі статусу ядзернай дзяржавы” часткай інфармацыйнай вайны супраць вернага саюзніка Расіі. Каб яшчэ больш панізіць міжнародны імідж беларускіх уладаў. А ўсё таму, што Лукашэнка ні разу крытычна не выказаўся наконт “пазіцыі Расіі на Каўказе”.
Фота: topwar.ru karopka.ru http://wikimapia.org