Эксперт пра суіцыды ў арміі: Здаецца, армейскія псіхолагі недапрацоўваюць

21 сакавіка салдат вучэбнага цэнтра ў Печах здзейсніў суіцыд. Гэта ўжо чацвёртае вядомае самагубства вайскоўца цягам пяці апошніх месяцаў.

На пачатку лістапада ў адной з часцей пад Лунінцам старшы лейтэнант стрэліў сабе ў галаву з пісталета. 20 студзеня на Смаргоншчыне звёў рахункі з жыццём лейтэнант з Інстытута памежнай службы.

На пачатку сакавіка ваеннаслужачы з Гродзенскай памежнай групы застрэліўся, калі знаходзіўся ў нарадзе. Уся гэтая інфармацыя паведамлялася дзяржаўнымі СМІ ці сайтамі афіцыйных ведамстваў. Выглядае, што сапраўдная лічба па суіцыдах можа апынуцца і іншай.

Натуральна, самагубства салдата зазвычай выклікае шматразова большую ўвагу, чым такое ж здарэнне ў звычайным жыцці. Тым не менш, і служыць у арміі па ідэі павінны людзі ўстойлівыя да стрэсаў.

Вайсковы эксперт Аляксандр Алесін пералічвае праблемы ў беларускім войску, якія могуць уплываць на праблему з суіцыдамі.

“Рызыкну выказаць меркаванне, што з-за шматлікіх няпоўных сямей выхаваннем хлопчыкаў часта займаюцца мамы. І на справе маладым людзям не хапае пэўнай загартоўкі”, — лічыць эксперт.

Па-другое, Алесін звяртае ўвагу на недастаткова добрую дапрызыўную падрыхтоўку хлопчыкаў.

Па-трэцяе, на думку эксперта, недапрацоўваць прызыўныя камісіі, якія адбіраюць кадры для войска. Псіхолагі і псіхіятры могуць быць недастаткова пільнымі і не разгледзець у чалавеку негатыўных для войска схільнасцяў.

Прынамсі ў двух згаданых здарэннях з жыццём звялі рахункі афіцэры. Нічога экстраардынарнага і сенсацыйнага ў гэтым Аляксандр Алесін не бачыць.

“Усё ж у арміі вельмі жорсткая сістэма іерархічнага падпарадкавання. Можа мець месца недахоп у працы з асабістым складам, няўвага да перажыванняў чалавека. Афіцыйна пасады псіхолагаў ёсць, але мне здаецца, што армейскія псіхолагі тут недапрацоўваюць”.

Алесін называе войска “арганізацыяй павышаных фізічных і псіхалагічных нагрузак”. Непадрыхтаваны чалавек можа такія нагрузкі не перанесці.

“Такая сітуацыя характэрная для войскаў усіх краін свету. Гэта, на жаль, спецыфіка армейскай атмасферы”.

Цягам года у Беларусі каля 2000 чалавек па сваёй волі сыходзяць з жыцця. Наша войска ў мірны час налічвае блізу 48 тысяч чалавек (без уліку грамадзянскага персаналу). Калі падлічыць прапарцыйна, то чатыры самагубствы за пяць месяцаў — лічба, блізкая да звычайнай беларускай статыстыкі па суіцыдах.

Фота “Нашай Нівы”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі