Ваенны бюджэт Літвы... большы за беларускі! Тлумачым, чаму
Стакгольмскі інстытут даследавання праблем міру (SIPRI) апублікаваў штогадовы даклад аб тэндэнцыях у сусветных выдатках на ўзбраенне. Ваенныя выдаткі Беларусі, па падліках SIPRI, у 2017 годзе склалі 631 мільён долараў (а ў мінулым 2016 годзе — 597 мільёнаў).
У той жа час, у суседзяў нашмат больш. Нават у Літвы, якая ў тры разы меншая, чым Беларусь, — 812 мільёнаў долараў! Чаму нават у такой невялікай краіне бюджэт на войска большы за беларускі?
Аказваецца, у краін НАТО ёсць патрабаванне: не менш за 2% ВУП — на ваенны бюджэт. Пра гэта, а таксама пра тое, чаму Беларусь вырашыла павялічыць ваенны бюджэт, а Расія, наадварот, памяншае яго, кажа ваенны эксперт Аляксандр Алесін.
Еўрарадыё: Чаму Беларусь вырашыла вылучыць больш грошай?
Аляксандр Алесін: Наогул, 630 мільёнаў — гэта вельмі смешныя грошы для ваенных выдаткаў. Калі паглядзець, для параўнання, на тую ж здзелку, якую Турцыя заключае з Расіяй аб пастаўках С-400, то яны купляюць чатыры комплексы за 2,5 млрд долараў. Выходзіць, што адзін комплекс каштуе каля 600 млн долараў. Атрымліваецца, што ўсе нашы выдаткі супастаўныя з коштам аднаго комплексу С-400. Гэта вельмі мала.
Чаму больш? Нашы ўзбраенні ў асноўным — з савецкіх часоў. Тэрмін іх тэхнічнай прыдатнасці мінае. Асабліва гэта тычацца авіяцыі. Мы ўжо знялі з узбраення ўсе франтавыя бамбавікі Су-24, таму што на іх ужо небяспечна лётаць. Іх трэба або капітальна рамантаваць і мадэрнізаваць, што каштуе вялікіх грошай, альбо купляць новыя, што таксама немалыя выдаткі. Знялі цяжкія перахватчыкі Су-27 па той жа прычыне. І на сёння можам падтрымліваць лётную прыдатнасць прыкладна паловы МіГ-29, якія ў нас у наяўнасці.
Мы абмежаваныя ў грошах. Адзін знішчальнік Су-30, якія нам Расія абяцае да 2020 года, у поўным узбраенні каштуе каля 60 мільёнаў. А нам патрэбная хаця бы эскадрылля — гэта штук 12. То бок, гэта больш чым увесь наш ваенны бюджэт, у які ўваходзіць зарплата, сацыяльны пакет, падтрыманне ваеннай інфраструктуры: будынкаў, збудаванняў, аэрадромаў. Трэба вылучаць значна больш.
Яшчэ пройдзе крыху часу, і нашы ўзбраенні яшчэ больш састарэюць і адстануць, калі не мадэрнізаваць і закупляць новыя. Бо ўся тэхніка састарваецца і прыходзіць у непрыдатнасць.
Тое, што бюджэт павялічваецца — тэндэнцыя правільная, хоць гэта вельмі мала. Але наша эканоміка не дазваляе выдаткоўваць больш.
Еўрарадыё: Як думаеце, ці захаваецца тэндэнцыя павелічэння ваенных выдаткаў?
Аляксандр Алесін: Калі захаваецца рост прамысловай вытворчасці і ВУП на ўзроўні які паказаў першы квартал 2018. Гэта значыць, ВУП будзе расці ў раёне 3-5%, а прамысловая вытворчасць у раёне 7-9%, то тады можа павялічыцца даходная частка бюджэту, і адлічэнні на ваенныя бюджэты могуць вырасці.
Еўрарадыё: У гэтай жа справаздачы напісана, што Беларусь траціць 25% расходнай часткі бюджэту. Як гэта можа быць?
Аляксандр Алесін: Я думаю, што гэта нейкае непаразуменне. У нас бюджэт нашмат большы. Не ведаю як яны лічылі, бо гэта атрымліваецца 1\4 усіх выдаткаў. Гэта лічба некарэктная. У нас вялікія дзяржаўныя інвестыцыі, вялікія дзяржаўныя выдаткі. Мы не можам столькі выдаткоўваць на ўзбраенне. Хутчэй за ўсё, гэта памылка.
Еўрарадыё: У той жа час у Расіі ваенныя выдаткі на 20% меншыя, чым у мінулым годзе. Чаму?
Аляксандр Алесін: Крызіс у эканоміцы. Стагнацыя. Пуцін размаўляе з Мядзведзевым, што ў іх рост, але эксперты кажуць, што расійская эканоміка альбо топчацца на месцы, альбо падае. І рэальны даход насельніцтва падае.
А сацыяльная сітуацыя там досыць няпростая. Адсюль уся гэтая гульня на патрыятызме і пошуку ворага, каб адцягнуць увагу людзей ад унутраных праблем. У іх бяда з пенсіянерамі, Расія таксама вырашыла пачаць падымаць пенсійны ўзрост, але грошы трэба аднекуль знаходзіць.
Пуцін перад выбарамі абяцаў шмат усялякіх сацыяльных выплат, падняць сярэдні заробак да пражытачнага мінімуму. І яны толькі нядаўна гэта зрабілі. А так працоўныя людзі маглі атрымліваць менш пражытачнага мінімуму. Таму ў Расіі вымушаныя, каб не дапусціць развіцця сацыяльнага напружання, зняць частку ваенных выдаткаў.
З-за гэтага шмат што з запланаванага ў ваеннай сферы адкладзенае на потым. Таму што расійская эканоміка не вытрымлівае такой колькасці выдаткаў. Гонку ўзбраенняў яны не вытрывалі, і вымушаныя некаторыя праграмы згарнуць або расцягнуць у часе.
Еўрарадыё: Ці варта ў такім выпадку Беларусі разлічваць на дапамогу ад Расіі з пастаўкамі танных узбраенняў?
Аляксандр Алесін: Я думаю, што трэба разлічваць толькі на ўзбраенні, якія здымаюцца з узбраення расійскай арміі. Тыя ж С-300 збіраюцца Сірыі пастаўляць менавіта такім чынам. Мы таксама так атрымлівалі апошнія свае ракетныя комплексы. Таму я сумняваюся. Нават з крэдытам могуць быць праблемы. Таму не варта разлічваць, на тое, што мы атрымаем бясплатна або па льготнай цане новае расійскае ўзбраенне.
Выхад: наладжваць выпуск аналагаў на сваёй тэрыторыі, па тэхналогіях, якія нам дае тая жа КНР. Таму што расіяне не вельмі з намі дзеляцца сваімі напрацоўкамі.