Ці застануцца расійскія дэсантнікі ў Брэсце да верасня?
Сумесныя беларуска-расійскія вучэнні “Славянскае братэрства-2017” пачаліся ў Беларусі. І адразу з новай сілай пачуліся перасцярогі, што расійскія салдаты могуць па іх заканчэнні не вярнуцца на радзіму, а застацца тут. Ці ёсць падставы для такіх перасцярог і чаму гэтым разам у вучэннях бяруць удзел сербскія ваенныя, разважае ваенны эксперт Аляксандр Алесін.
Еўрарадыё: На тэрыторыі Беларусі пачаліся чарговыя беларуска-расійскія ваенныя вучэнні ― “Славянскае братэрства-2017”. І ізноў чутны перасцярогі, што расійскія ваенныя могуць і не пакінуць па заканчэнні вучэнняў нашу краіну…
Аляксандр Алесін: у вучэннях бяруць удзел Сілы спецыяльнага прызначэння і “дэсантура”. Яны сёння тут, а заўтра там. Прычым, яны ж на самалётах ― самалётам іх за 2 гадзіны могуць даставіць на 1000-1500 кіламетраў. Жыць ім тут да восені (у верасні пачнуцца вучэнні “Захад-2017 ― Еўрарадыё) сэнсу ніякага. Гэта сілы хуткага рэагавання: яны прыляцелі, выканалі задачу і паляцелі. Нічога, што дазваляла б думаць, што дэсантнікі расійскія будуць тут жыць да маразоў, не назіраецца.
Еўрарадыё: Вучэнні беларуска-расійскія, але гэтым разам у іх бяруць удзел сербскія ваенныя ― чаму?
Аляксандр Алесін: Тут відавочная палітыка Расіі ― імкненне захаваць Сербію ў сферы свайго ўплыву. Днямі Чарнагорыя сышла са сферы ўплыву Расіі і стала сябрам NATO, і адзіным плацдармам Расіі на Балканах, у вельмі важным рэгіёне, застаецца адна Сербія. Менавіта таму Расія паабяцала Сербіі вялікія пастаўкі ўзбраення: і самалётаў, і бронетанкавай тэхнікі. Дарэчы, і Беларусь, відавочна не без падачы Расіі, абяцала Сербіі С-300. І тыя ж самыя МіГ-29 мы абяцалі пасля рамонту перадаць. Так што, тут ініцыятар запрашэння Сербіі да ўдзелу ў вучэннях Расія, але Беларусь яе намаганні падтрымлівае. У афіцыйнага Мінска з Сербіяй асаблівыя адносіны: мы памятаем, як Лукашэнка лётаў у Белград, калі там была бамбёжка, і сустракаўся з Мілошавічам. І яшчэ тады абяцаў С-300, але Расія на той час спалохалася. Так што, у дадзеным эпізодзе Расія змагаецца за Сербію. Што ж да Сербіі, то яна пакрыўджаная на Захад за Косава. Для сербаў Косава ― пытанне нацыянальнага гонару. Там пачалася гісторыя Сербскай дзяржаўнасці, і страта гэтых тэрыторый для іх ― нацыянальная ганьба. Расія і Беларусь, у адрозненне ад большасці еўрапейскіх краін, не прызналі незалежнасці Косава, і Расія, карыстаючы сітуацыяй, адцягвае Сербію ад Еўропы.
Еўрарадыё: Самі гэтыя вучэнні нічым вас не насцярожваюць? Што падчас іх “адпрацоўваецца”?
Аляксандр Алесін: Вучэнні традыцыйныя. На самой справе, вучэнні беларускіх Сіл спецаперацый і расійскага дэсанту адбываюцца пастаянна – штогод некалькі дзясяткаў такіх вучэнняў праходзіць то ў Беларусі, то ў Расіі. Сёлета абяцаюць ледзь не 40 такіх вучэнняў рознага ўзроўню. Летась было каля 30. Карысць тут для беларусаў якая: у расіян больш сучасная тэхніка, зброя, парашуты. І падчас вучэнняў нашы ваенныя могуць усім гэтым вучыцца карыстацца. Вучэнні, што зараз праходзяць, “адпрацоўваюць” аператыўны выступ расійскіх дэсантнікаў на выпадак ваеннага канфлікту, калі трэба будзе тэрмінова “падмацаваць” беларускія ўзброеныя сілы нейкай дапамогай. Не чакаючы, пакуль прыбудуць танкі і мотастралкі з глыбінных раёнаў Расіі, з Заходняй ваеннай акругі. Яны павінны будуць хутка выступіць, заняць пазіцыі і актыўнай абаронай ды контрударамі стрымаць патэнцыйнага праціўніка. Пакуль не прыбудзе астатні кантынгент, вызначаны Расіяй у дапамогу Беларусі. Усё гэта прапісана ў адпаведных дакументах, і калі нешта здарыцца, то кожны ведае, што рабіць.
Еўрарадыё: Падаецца, апісаны вамі сцэнар можна скарыстаць, як дапамогу пры нападзе на Беларусь трэцяй краіне, так і для нападу той жа Расіі на Беларусь…
Аляксандр Алесін: Калі Расія захоча здзейсніць на нас напад, то нейкія высілкі асаблівыя ёй для гэтага не спатрэбяцца. Пытанне ў тым, што Расіі гэта не выгадна. Атрымаць яшчэ адну варожа настроеную дзяржаву? І пры гэтым ― згубіць цэлы народ, які пакуль больш-менш лаяльна да Расіі ставіцца? Для таго, каб ваенным шляхам кантраляваць гэтую тэрыторыю, неабходныя каласальныя матэрыяльныя, чалавечыя, фінансавыя рэсурсы. Лепш мець капрызнага, але лаяльнага саюзніка. Які за цябе ні на каго нападаць не будзе, але і не прапусціць нікога праз сваю тэрыторыю, хто захоча на цябе напасці. Пуцін пакараў сябе добрым стратэгам і палітыкам і рабіць на шкоду сабе не будзе: калі Расія пасварыцца яшчэ і з Беларуссю, то для яе закрыецца апошні калідор у Еўропу.
Еўрарадыё: Чаму гэтыя вучэнні апошнія гады праходзяць не на палігонах, а ў гарадах?
Аляксандр Алесін: Зараз ва ўсім свеце можна праводзіць вучэнні сіл спецаперацый у горадзе. Так што, нічога дзіўнага тут няма. Бачна затое, што накіраванасць гэтага вучэння ― аперацыі ў гарадскіх умовах. Яны могуць быць як контртэрарыстычнымі, так і па захопу аб’ектаў гарадской інфраструктуры.
Еўрарадыё: Расія паабяцала Сербіі тыя ж самалёты, а мы просім і нічога не атрымліваем…
Аляксандр Алесін: Яны атрымліваюць, як ад Расіі, так і ад нас, сэканд-хэнд трыццацігадовай даўніны. Пасля рамонту і мадэрнізацыі. Але на Балканах, тыя ж харваты, з якімі сербы ў 90-х гадах мінулага стагоддзя ваявалі, маюць яшчэ горшае ўзбраенне. Атрымаўшы ад Расіі і Беларусі старое савецкае ўзбраенне, сербы стануць у сваім рэгіёне моцнай ваеннай дзяржавай.