Алесін: Рашэнне Украіны будзе мець наступствы для Беларусі
Вярхоўная Рада 23 снежня адмяніла пазаблокавы статус Украіны.
У аўторак, 23 снежня, Вярхоўная Рада адмяніла пазаблокавы статус Украіны (за гэта прагаласавалі 303 дэпутаты з 309 прысутных). Праўда, яна прагаласавала за прэзідэнцкі праект, у якім няма гаворкі пра мэту Украіны адносна ўступлення ў NATO (у іншых трох праектах гэта прысутнічала).
Як новы статус Украіны можа паўплываць на Беларусь? З такім пытаннем Еўрарадыё звярнулася да беларускага ваеннага эксперта Аляксандра Алесіна. Ён мяркуе, што Украіна яшчэ працяглы час не зможа ўступіць у NATO, паколькі мае супярэчнасці з суседам — Расіяй, да таго ж на ўкраінскай тэрыторыі працягваюцца вайсковыя дзеянні. Аднак праз украінскі канфлікт могуць з'явіцца вайсковыя базы у краінах Балтыі і Польшчы, а гэта будзе мець наступствы і для Беларусі. Расія адказвае павелічэннем колькасці самалётаў і верталётаў на авіяцыйнай базе ў Беларусі, кажа Алесін.
Алесін: "Я думаю, што Расія высуне свае сілы далей на захад, больш сілаў на тэрыторыю Беларусі. Гэта могуць быць і авіяцыйныя фармаванні, і брыгады "Іскандэраў". Пра гэта ў расійскай экспертнай супольнасці ўжо практычна не хаваюць".
Эксперт звяртае ўвагу на тое, што Расія за ўсё эканамічныя льготы і прэферэнцыі, якія прадастаўляе Беларусі, за допуск на свой рынак, можа запатрабаваць саступак, а менавіта — пашырэння прысутнасці сваіх кантынгентаў на тэрыторыі нашай краіны.