Эксперт: У Мінску павінны былі разумець, што гэта міжнародны скандал

Паводле інфармацыі расійскага боку, адбылося гэта пасля сустрэчы з прэм'ерам Міхаілам Мясніковічам. Баумгертнеру ўжо выставілі абвінавачанне. Гендырэктар “Уралкалія” нанёс шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі, заявіў Следчы камітэт Беларусі. Уладзіславу Баўмгертнеру выстаўленае абвінавачанне ва злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. 



Незалежны аналітык Сяргей Чалы адзначае, што з-за справы Баўмгертнера можа выбухнуць міжнародны скандал.



Чалы: "Відавочна, што нейкія перамовы былі. І відаць па іх выніках ужо прымалася рашэнне, што з ім рабіць... Мера сур'ёзная і, не думаю, што на яе рашыліся, не прадумаўшы, якія наступствы будуць. Відавочна, разумелі, што гэта будзе скандал дыпламатычны і міжнародны".



Эксперт прызнае, што сапраўды ў беларускага боку шмат прэтэнзій да дзейнасці "Уралкалія". Сярод іншага — расійская кампанія перацягнула нямала беларускіх спецыялістаў. Да таго ж, у свой час, калі стваралася Беларуская калійная кампанія, ніхто не падумаў пра працэдуру "цывілізаванага разводу".
 

Нагадаем, Уладзіслаў Баўмгертнер з'яўляецца і старшынёй назіральнай рады "Беларускай калійнай кампаніі". Шэраг кіраўнікоў БКК абвешчаны ў вышук, у тым ліку праз Інтэрпол. Па справе праходзяць таксама сябра назіральнай рады Алег Пятроў, першы намеснік гендырэктара Канстанцін Саладоўнікаў, намеснік гендырэктара па фінансах Ігар Яўстратаў, начальнік фрахтавага аддзела Дзмітрый Самойлаў ды іншыя.

Фота — sb.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі