Эксперт: Улады ўважліва сочаць за зніжэннем рэйтынгу Лукашэнкі

Эксперт: Улады ўважліва сочаць за зніжэннем рэйтынгу Лукашэнкі

Рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі ізноў знізіўся. Пра гэта сведчаць вынікі сакавіцкага апытання грамадскай думкі, якое правёў Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД), што працуе з Вільні.

Згодна са свежымі лічбамі НІСЭПД, калі б выбары кіраўніка краіны прайшлі сёння, то за Аляксандра Лукашэнку прагаласавала б толькі 27,3% беларусаў. У верасні 2015 года, за месяц да мінулых прэзідэнцкіх выбараў, яго падтрымлівалі ажно 45,7%, а ў снежні, праз два месяцы пасля галасавання — 33,3%. Згодна з дадзенымі ЦВК, 11 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка перамог з вынікам 83,49%.

Калі верыць таму ж НІСЭПД, сёлетні сакавіцкі рэйтынг у Лукашэнкі яшчэ не самы нізкі ў гісторыі. Горшыя паказчыкі нязменны кіраўнік дзяржавы меў у сакавіку 2002 года — 26,4%, а ў верасні 2011 года — нават 20,5%.

Эксперт: Улады ўважліва сочаць за зніжэннем рэйтынгу Лукашэнкі

Палітолаг Аляксей Пікулік мяркуе, што ўлада пільна сочыць за рэальным рэйтынгам кіраўніка краіны. Гэта неабходна для таго, каб кантраляваць узровень сваёй папулярнасці:

“Улада хоча заставацца папулярнай. Альбо ствараць уражанне, што яна папулярная. Таму рэйтынгі — гэта важны фактар у беларускай палітыцы. Асабліва прэзідэнцкі рэйтынг. Якім чынам улада замярае гэты рэйтынг? Упэўнены, што яны маюць свае механізмы. Наколькі гэтыя механізмы дакладныя і ці даходзяць рэальныя вынікі да кіраўніка дзяржавы — гэта ўжо іншае пытанне”.

Паводле звестак НІСЭПД, знізіўся не толькі электаральны рэйтынг кіраўніка краіны, але і рэйтынг даверу Лукашэнку. Цяпер яму давяраюць 41,7% апытаных, не давяраюць —47,4%. У верасні 2015-га гэтыя лічбы складалі 47% і 37,1% адпаведна.

Даволі высокі працэнт беларусаў цяпер выступае за перамены — ажно 67,3%. Захаваць цяперашняе становішча хочуць толькі 24,7%. З іншага боку, у апазіцыі да ўлады сябе лічаць 18% апытаных. У чэрвені крызіснага 2011 года гэтая лічба складала 25,8%.

Згодна з дадзенымі НІСЭПД, сярод апазіцыйных лідараў найбольшы рэйтынг мае Таццяна Караткевіч. За яе гатовыя галасаваць 6,9% супраць 15,7% у кастрычніку 2015-га. Другім па папулярнасці стаў Мікалай Статкевіч, у якога рэйтынг складае 2,9%. Астатнія апазіцыйныя палітыкі маюць рэйтынг, меншы за 1%. Аляксей Пікулік называе гэта абсалютна нармальнай з’явай:

“Апазіцыя, вядома, нічога дрэннага людзям не робіць. Але нічога добрага таксама, на жаль. Чаму яе рэйтынг падае? Верагодна, цікавасць да апазіцыі ўзнікае падчас электаральных кампаній. Кампанія скончылася, цікавасць да апазіцыі знізілася. Гэта нармальна, цалкам нармальны працэс”.

Так што, нягледзячы на рэзкае зніжэнне рэйтынгу, Аляксандр Лукашэнка па-ранейшаму застаецца самым папулярным палітыкам краіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі