Эксперты: Цана на газ для Беларусі ў наступным годзе можа не змяніцца

Як сказалі “Еўрарадыё” аналітыкі расійскай інвестыцыйнай кампаніі “Брокеркрэдытсэрвіс”, у наступным годзе цана на расійскі газ для Еўропы можа знізіцца амаль у 2 разы! У сувязі з гэтым газ верагодна патаннее і для Беларусі. Нагадаем, што кошты на газ вельмі шчыльна прывязаныя да цэнаў за нафту. Яшчэ месяц таму мы прапанавалі Расіі адмовіцца ад гэтай прывязкі, бо нафта ўвесь час даражэла, а адпаведна даражэў і расійскі газ для Беларусі...

Тады, спасылаючыся на папярэднюю дамову, Расія ў просьбе адмовіла. Тым самым зрабіла нам вялікую паслугу. Цана на газ для Беларусі ў наступным годзе можа аказацца нязменнай (падчас перамоваў нафта каштавала 150 долараў, а цяпер – усяго 65).

Еўрарадыё датэлефанавалася да расійскай інвестыцыйнай кампаніі “Брокеркрэдытсэрвіс”. Аналітык кампаніі Кацярына Краўчанка паведаміла, што ў наступным годзе Еўропа будзе плаціць за газ амаль у два разы менш:

“Калі меркаваць зыходзячы з бягучых цэнаў на нафту, калі яны не будуць моцна падаць ці расці, то агульнаеўрапейская цана на газ будзе дзесьці на ўзроўні 260 долараў. Цяпер яна каля 420, нават больш. У чацвёртым квартале будзе яшчэ вышэй. А ў наступным годзе дзесьці вясной пачнецца якраз зніжэнне”.

Як адаб’ецца паніжэнне цэнаў на нафту на кошце газа, патлумачыў Еўрарадыё навуковы кіраўнік вышэйшай расійскай школы эканомікі прафесар Яўген Ясін:

“Прывязка цэнаў на газ да цэнаў на нафту адбываецца па міжнароднай дамове. І яна ўсталёўваецца са спазненнем на 6 месяцаў. Такім чынам, калі напрыклад цяпер кошты высокія, а на нафту ужо падаюць... то яны пачнуць падаць праз некаторы час і на газ. Ці будзе гэта дзейнічаць для Беларусі, альбо ў вас з “Газпрамам” асобная дамова – гэтага я не ведаю... але на самой справе зніжэнне цэнаў на газ яшчэ будзе ісці... Гэта агульны парадак”.

Нагадаем, Беларусь звязана з “Газпрамам” кантрактам да 2011 года. У дамове прапісана наступная формула: з 2009 года за расійскі газ Беларусь будзе плаціць 80% ад еўрапейскай цаны, у 2010 – 90%. З 2011 года мы пачнём купляць газ па рынкавай цане. Цяпер мы аплачваем 67% еўрацаны, і гэта складае 128 долараў.

І хаця, мяркуючы па працэнтах, у наступным годзе мы павінны плаціць за газ больш... Магчыма, зніжэнне агульнаеўрапейскай цаны з'есць гэты адсотак? Аналітык Кацярына Краўчанка кажа, што хутчэй за ўсё менавіта так і будзе:

“Для Беларусі ідзе збліжэнне з агульнаеўрапейскай цаной. У наступным годзе будзе 80%. Але пры гэтым цэны сёлета былі на максімуме, а у наступным годзе будуць зніжацца. Калі ўлічваць гэта, то для Беларусі прыкладна можа нават атрымацца тая ж самая сума. Гэта значыць, самі па сабе цэны знізяцца, але адначасова ідзе падвышэнне гэтага дысконту – цяпер 60%, будзе 80%”.

Еўрарадыё звярнулася па каментар і да беларускага афіцыйнага боку. У нашым Міністэрстве энергетыкі магчымасць зніжэння цэнаў на газ для Беларусі не пацвердзілі. Больш за тое, прэс-сакратар Міністэрства энергетыкі Людміла Зяньковіч нечакана паведаміла, што хутчэй за ўсё даведаецца пра гэта ўжо пасля нас:

“Ніякіх каментарыяў на гэты конт не будзе. Тое, што вам невядома, невядома і нам!”

Еўрарадыё будзе працягваць сачыць за змяненнямі коштаў на газ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі