Электрычнасць у Мінску каштуе амаль у 6 разоў танней, чым у Берліне

BBC піша, што выдаткі на электраэнергію хутка могуць стаць адным з галоўных пытанняў палітычнага парадку дня ў Вялікабрытаніі. У той час як з-за высокіх коштаў заціскаць паясы вымушаныя хатнія гаспадаркі па ўсёй Еўропе.

BBC: “З 2010 года цэны на газ і электрычнасць значна выраслі, у многім дзякуючы росту аптовых цэн падчас папярэдняга ўзнаўлення сусветнай эканомікі і чакання павышэння попыту”.

Нядаўна даследчы цэнтр у галіне энергетыкі VaasaETT падлічыў, дзе ў Еўропе плацяць больш і менш за ўсё за газ і электраэнергію. Самы дарагі ў “электрычным” рэйтынгу — Берлін.

BBC: “Хельсінкі з’яўляецца самым танным з 23 еўрапейскіх гарадоў, прадстаўленых у даследаванні. Хатнія гаспадаркі ў Берліне самыя дарагія плацяць у 2,5 разы больш, у асноўным, з-за падаткаў і субсідый, накіраваных на развіццё ўзнаўляльных крыніц энергіі”.

Еўрарадыё вырашыла дадаць у спіс VaasaETT і Мінск. У сталічнай кватэры з газавымі плітамі кілават-гадзіна электрычнасці каштуе 610,6 рубля, альбо 5 еўрацэнтаў. То бок гэта амаль у 6 разоў танней, чым у Берліне, а таксама танней, чым у тым жа Хельсінкі. Толькі калі спажыванне перакрочвае 300 кілават-гадзін, адпаведна расце і кошт — 841,7 рубля (6 еўрацэнтаў).

Далей параўнаем газ. У Еўрасаюзе яго спажыванне вымяраюць у кілават-гадзінах, у Беларусі — у кубаметрах. Адна кілават-гадзіна газу выдзяляе 860 кілакалорый энергіі, у той час як кубаметр газу — 10 тысяч кілакалорый. Улічваючы гэта, а таксама кошт кубаметра газу ў Мінску (1466,6 рубля), можна сказаць, што кілават-гадзіна газу ў беларускай сталіцы каштуе каля 126 рублёў, альбо 1 цэнт. І зноў жа — танней у Еўропе нідзе няма. У Берліне даражэй нават у 7 разоў, а ў самым дарагім Стакгольме — у 15 разоў! Тыя, у каго няма лічніка, плацяць за газ у 4 разы больш — амаль як у Люксембургу.


І ўжо зараз беларусы могуць назіраць не самую прыемную дынаміку змены коштаў. Напрыклад, Беларусь — еўрапейскі лідар па росце коштаў на электраэнергію, за пяць гадоў кошт на яе вырас ажно на 337%. 

Фота: urban3p.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі