"ЕС спрабуе знайсці механізм дзеянняў, каб Беларусь не трапіла ў рукі Расіі"

13 кастрычніка ў Люксембургу міністры замежных справаў краінаў Еўрасаюза абмяркуюць, ці адмяняць санкцыі ў дачыненні часткі беларускіх чыноўнікаў. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, катэгарычна супраць выказаліся толькі Данія і Нідэрланды. Пра тое, наколькі верагодна, што санкцыі будуць адмененыя, а таксама чым тлумачацца такія паводзіны Еўропы, Еўрарадыё запыталася ў эксперта польскага Інстытута міжнародных адносінаў Войтэка Бародзіча.  Войтэк Бародзіч: "Я лічу, што Еўрасаюз не адменіць візавых санкцыяў у дачыненні ўсіх чыноўнікаў. Санкцыі застануцца ў дачыненні да ключавых асобаў, якія адказныя за фальсіфікацыю гэтых выбараў. Але Еўрасаюз зацікаўлены, каб утрымаць кантакт з Беларуссю хаця б на рабочым узроўні. Гэта б дазволіла ўрэгуляваць найбольш вострыя праблемы, напрыклад, спрасціць працэдуру атрымання візы для беларусаў".

ЕРБ: А чаму Польшча, якая звычайна займае дастаткова вострую пазыцыю ў дачыненні афіцыйнага Мінску, гэтым разам не выказалася выразна супраць скасавання санкцыяў для беларускіх чыноўнікаў?

Войтэк Бародзіч: "Па-першае, польскія палітыкі не забываюць пра тое, што мы з Беларуссю маем агульную мяжу. Па-другое, у Беларусі жыве амаль паўмільённая польская меншасць. Польскі ўрад таксама спрабуе нейкім чынам вырашыць праблему Саюза палякаў у Беларусі, якіх існуе два. Гэта ўсё праблемы, які таксама значна ўплываюць і на эканамічныя адносіны паміж нашымі краінамі і ўксладняць простым бізнэсоўцам, як польскім, так і беларускім, вядзенне бізнэсу. Гэта тыя прычыны, па якіх польскі ўрад вядзе сябе досыць стрымана".

ЕРБ: Магчыма, Еўропа і Польшча проста гатовыя заплюшчыць вочы на сітуацыю з дэмакратыяй у Беларусі, шукаючы ў нашай асобе сябра, так бы мовіць, супраць Расіі?

Войтэк Бародзіч: "Па-першае, мне падаецца, што Еўрасаюз не забываецца пра тое, што адбываецца ў Беларусі з правамі чалавека і дэмакратызацыяй. Аднак ёсць другі бок медалю, які ставіць Еўропа ў дастаткова цяжкую сітуацыю. Еўрасаюз спрабуе прыдумаць які-небудзь механізм дзеянняў, якім не штурхаў Беларусь у рукі Расіі.

Мы тут кажам выключна прагматычна. Еўрасаюз і тым больш Польшча хацелі б межаваць з Беларуссю, а не з Расійскай Федэрацыяй. Чым больш Еўрасаюз абмяжоўвае стасункі з беларусамі, тым больш штурхае Беларусь у рукі Расіі. З аднаго боку тут маецца на ўвазе візавая палітыка, з іншага - спрашчэнне выезду для беларусаў.

І гэта тыя рэчы, якія Еўрасаюз не можа вырашыць у аднабаковым парадку. І гэта штурхае Еўропу на аднаўленне пэўнага супрацоўніцтва з дзейсным беларускім рэжымам. Мяркую, што большасць еўрапейскіх палітыкаў не мае сумневаў у тым, што гэтыя выбары былі сфальсіфікаваныя, што яны былі цяжкімі ў справе асвятлення для незалежных СМІ.

Аднак еўрапейскія палітыкі не маюць сумневаў і ў такіх пытаннях, як тое, што беларуская апазіцыя падзеленая, што нягледзячы на цяжкія, але ўсё ж такі свабаднейшыя, чым раней, умовы апазіцыя правяла дрэнную выбарчую кампанію.

Таксама еўрапейскія палітыкі перакананыя, што беларусы пакуль не гатовыя да дэмакратычных зменаў і што - тут, канешне, ёсць пэўнае абагульненне, але так гэта выглядае з боку заходніх краінаў – што для беларусаў самыя важныя – стабільнасць і моцнае кіраванне. Еўропа бачыць, што апазіцыя не можа забяспечыць ні першага, ні другога. І гэта асноўныя фактары, якія перадвызначылі сённяшнія паводзіны Еўропы".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі