ЕС узмацніў санкцыі супраць Масквы
Чорны спіс Еўрасаюза папоўніўся 13 прозвішчамі, а таксама дзвюма кампаніямі.
12 траўня краіны ЕС пагадзіліся ўзмацніць санкцыі супраць расійскіх прадстаўнікоў. На сустрэчы ў Бруселі былі ўведзеныя санкцыі супраць 13 асобаў, адказных за дэстабілізацыю сітуацыі на Украіне. Пра гэта паведамляе "Deutsche Welle" са спасылкай на агенцтва dpa. Акрамя таго, у чорным спісе ЕС апынуліся дзве крымскія кампаніі, нацыяналізаваныя Расіяй.
Калі намечаныя на 25 траўня выбары прэзідэнта Украіны не адбудуцца, лідары ЕС павінны абмеркаваць ўвядзенне наступнай прыступкі санкцый. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер. У сваю чаргу, кіраўнік аўстрыйскай дыпламатыі Себасцьян Курц папярэдзіў пра небяспеку прыняцця ўсё новых мер супраць расійскага кіраўніцтва.
Прэзідэнт Швейцарыі, якая старшынюе ў АБСЕ, Дзідзье Буркхальтэр прадставіў план мер па дээскалацыі сітуацыі ва Украіне напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.
Фота — dpa